Адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання Сяргея Сахарава
Друкаваць

Адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання Сяргея Сахарава

30 верасня 2025 года, у 16:00, у Даўгаўпілскім мастацка-краязнаўчым музеі адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання кнігі “Рыжскія праваслаўныя архіпастыры за сто гадоў (1836-1936)” Сяргея Пятровіча Сахарава, арганізаваная Цэнтрам беларускай культуры Дома адзінства ў супрацоўніцтве з Даўгаўпілскім беларускім таварыствам “Альтанка”.

С. Сахараў па выніках сваіх шматгадовых даследаванняў у 1937 годзе ў Даўгаўпілсе за свае сродкі выпусціў кнігу “Рыжскія праваслаўныя архіпастыры за сто гадоў (1836-1936)” з серыі “Да гісторыі праваслаўя ў Латвіі і Эстоніі”. Да 145-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага педагога, этнографа, грамадскага дзеяча і праваслаўнага гісторыка С. Сахарава Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка” перавыдала яго ўнікальную працу.

Кніга перавыдадзена тыражом 200 экзэмпляраў, большая частка якога перададзена ў дар Латвійскай праваслаўнай царкве з благаславення Яго Высокапраасвяшчэнства, Высокапраасвяшчэннейшага Аляксандра, Архіепіскапа Даўгаўпілскага і Рэзекненскага.

Падчас прэзентацыі ў музеі чытачам будзе прадстаўлена кніга і прэзентацыя пра жыццё і дзейнасць С. Сахарава.

Рэдкую кнігу шырокаму колу чытачоў вярнула Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка” дзякуючы праекту, які атрымаў суфінансаванне па бюджэтнай праграме “Sabiedrisko organizāciju atbalsta fonds” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання, і падтрыманаму мецэнатамі.

Інфармацыя падрыхтавана:

Даўгаўпілскае беларускае таварыства “Альтанка”,

старшыня Жанна Раманоўская, т. 20374840