19 студзеня 2024 года ў структурным падраздзяленні “Цэнтр беларускай культуры” установы “Дом Адзінства” Даўгаўпілскага дзяржаўнага гарадскога самакіравання адбыўся канцэрт, прымеркаваны да 5-годдзя дзіцячай студыі “Скарбніца”.
Дзіцячая студыя “Скарбніца” заснавана ў Цэнтры беларускай культуры ў 2019 годзе. Юных артыстаў, якія выконваюць народныя і аўтарскія песні на беларускай і латышскай мовах, ужо ведаюць у Даўгаўпілсе, Латгаліі і Рызе. Назва калектыву, у складзе якога дзеці школьнага ўзросту, мае глыбокі сэнс і сімвалізм. У беларускай мове “Скарбніца” азначае месца захавання нематэрыяльных каштоўнасцей, культурнай спадчыны продкаў. З моманту заснавання кіруе ансамблем педагог і спявачка Анастасія Лукашэнак.
Канцэрт прайшоў пры поўным аншлазе. Сувязным звяном сталі лепшыя песні з рэпертуару “Скарбніцы”, якія арганічна дапоўнілі творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка”, вакальны ансамбль “Пралескі”, харавая капэла “Спадчына”, танцавальны ансамбль “Лянок”, тэатральная студыя “Паўлінка” і вакальны ансамбль Цэнтра рускай культуры “Рускія карагоды”.
Намесніца кіраўніка ўстановы “Дом адзінства” Сандра Маскалёва павіншавала ўдзельнікаў дзіцячай студыі “Скарбніца” з першым юбілеем і ўручыла ім падзячныя граматы. Юных артыстаў цёпла павіншавалі дэпутат Даўгаўпілскай гарадской думы і кіраўніца ЦРК Наталля Кажанава, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, члены праўлення Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” і Даўгаўпілскага беларускага таварыства “Альтанка”, творчыя калектывы ЦБК і госці. А паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў ансамблю новы верш – “Нашай “Скарбніцы”.
Кульмінацыяй юбілейнага канцэрта стаў святочны торт з феерверкам, які даставіў немалую радасць юным талентам “Скарбніцы”.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры