9 верасня 2023 года ў Даўгаўпілсе адбыўся канцэрт V Міжнароднага фестывалю беларускай аўтарскай песні “Восеньскія зоры”, арганізаваны Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым” у супрацоўніцтве з Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання.
Заснавальніца фестывалю беларускай аўтарскай песні “Восеньскія зоры” і арганізатар першых чатырох фестываляў Жанна Раманоўская: “Пяць гадоў таму ў Даўгаўпілсе ўпершыню быў арганізаваны міжнародны злёт аўтараў і выканаўцаў беларускай бардаўскай песні з Латвіі, Літвы і Беларусі, каб на радзіме вядомага беларускага барда Арона Крупа папулярызаваць сучасную, інтэлектуальную песню. Фестываль удалося захаваць у складаныя кавідныя гады і спадзяюся, ён працягне сваё развіццё, захоўваючы фармат аўтарскага, бардаўскага выканання на беларускай мове”.
Паэт Станіслаў Валодзька прысвяціў фестывалю “Восеньскія зоры” верш, які стаў песняй дзякуючы кампазітару Анатолю Белусю. Яе пад гітару душэўна выканаў Сяргей Шабадалаў, саліст з Вісагінаса (Літва), сваім удзелам пацвердзіўшы міжнародны ўзровень фестывалю.
Цэнтр беларускай культуры на фестывалі прадставіла салістка, кіраўніца ансамбля “Пралескі” Анастасія Лукашэнак, а таксама харавая капэла “Спадчына”.
На фестывалі “Восеньскія зоры” выступілі: Віталь Міхайлоўскі, Рыгор Старавойтаў, Алена Віткевіч, Майя Калныня, дуэт Сафіі Блізнаковай і Дарыны Растоўскай (Даўгаўпілс); Алена Лазарава і Святлана Астроўская (Рыга), Артур Трэпшэ (Дагда), Наталля Елізар'ева (Екабпілс), дуэты Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча, Алены і Аляксандра Усцінавых (Ліваны).
Усе ўдзельнікі і ганаровыя госці свята атрымалі ад арганізатараў граматы і сувеніры.
V Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні “Восеньскія зоры” прайшоў у рамках праекта, які атрымаў суфінансаванне праз Фонд падтрымкі НДА Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры