3 сакавіка 2023 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшло тэматычнае мерапрыемства, прысвечанае традыцыйнаму беларускаму абрадаваму святу “Гуканне вясны”, у якім прыняла ўдзел дзіцячая студыя “Скарбніца”.
У традыцыях многіх народаў пачатак вясны заўсёды азначаецца абрадавым святам, галоўнай мэтай якога з'яўляецца ўсімі спосабамі абудзіць прыроду, паскорыць прыход вясны, цяпла і сонца. Галоўнымі спадарожнымі элементамі гэтага свята з'яўляюцца спевы асаблівых песень – вяснянак, якія зазываюць вясну і птушак; вядзенне карагодаў, якія імітуюць разнастайныя сімвалы і фігуры сонца, упрыгожванне стракатымі рознакаляровымі стужкамі кола – сімвала сонца, дрэў і кустоў, а таксама мучная выпечка ў выглядзе птушак.
Удзельнікі студыі “Скарбніца” з энтузіязмам і цікавасцю ўцягнуліся ў святочны абрад гукання вясны. Свае мастацкія здольнасці яны раскрылі ў вырабе ўпрыгожванняў у выглядзе ручак-птушачак, выкарыстоўваючы традыцыйны беларускі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – выцінанкі. Затым у дружным карагодзе выконвалі звонкія песні-вяснянкі, раскручвалі багата ўпрыгожанае кола як сімвал прыходу сонца і цяпла.
Прыемным заканчэннем свята стала чаяванне і дэгустацыя традыцыйнага беларускага напою “збіцень” (напой з духмянай травы з даданнем мёду) са смачнай выпечкай у выглядзе першай вясновай птушкі – жаўрука.
Удзельнікі дзіцячай студыі “Скарбніца” цудоўна правялі першае вясновае свята і зараз з нецярпеннем і надзеяй чакаюць пачатку цёплых, сонечных і радасных вясновых дзён.
Інфармацыя падрыхтавана:
Анастасія Лукашэнак,
кіраўніца дзіцячай студыі “Скарбніца”