У Дзень нараджэння Даўгаўпілса гучалі беларускія песні “Купалінкі”
Друкаваць

У Дзень нараджэння Даўгаўпілса гучалі беларускія песні “Купалінкі”

У багатым і яркім калейдаскопе мерапрыемстваў Свята Даўгаўпілса не засталося незаўважаным выступленне ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка” Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання, які 4 чэрвеня 2022 года выступіў з паўгадзіннай віншавальнай праграмай у скверы Андрэя Пумпура.

Святкаванне Дзён горада заўсёды багатым на самыя розныя па стылі, кірунку і зместу падзеі. Але ўсе яны аб'яднаны любоўю да роднага Даўгаўпілса і гатоўнасцю дзяліцца цеплынёй душы, радасцю, станоўчымі эмоцыямі і, вядома ж, песнямі.

З усёй шчодрасцю беларускай песеннай душы жыхароў і гасцей горада павіншаваў ансамбль “Купалінка” (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў). Калектыў нядаўна адзначыў сваё 30-годдзе вялікім юбілейным канцэртам; добра вядомы як у горадзе, так і ў Латвіі, а таксама за яе межамі.

Творчы калектыў парадаваў слухачоў лірычнымі і душэўнымі, сумнымі і вясёлымі, забіяцкімі і жартоўнымі песнямі з ігравымі тэатральнымі элементамі. Некалькі кампазіцый было выканана на латышскай і латгальскай мовах.

Добра вядомыя і новыя беларускія песні пад віртуозныя пералівы акардэона ў выкананні ансамбля беларускай народнай песні “Купалінка” дадалі ўсім, несумненна, святочных і пазітыўных эмоцый.

Са святам, любімы горад!

Інфармацыя падрыхтавана:

Марыя Памецька,

метадыст Цэнтра беларускай культуры