“З рога ўсяго многа” – так называўся Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка па матывах беларускіх народных казак, арганізаваны аб'яднаннямі беларусаў Іарданіі і Сірыі. У лік пераможцаў увайшла ўдзельніца дзіцячай студыі “Скарбніца” з Даўгаўпілса.
У далёкія краіны свае малюнкі адправілі выхаванцы дзіцячай студыі “Скарбніца” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.
На занятках студыі “Скарбніца” школьнікі пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі і кожны маляваў сваю: Ксенія Лукашэнак – “Піліпка-сынок”, Кацярына Кузьміч – “Шчасце і гора”, Акім Воранаў – “Два камяні”, Крысціна Лукашэнак – “Як я гляну на твой нос, так успомню пра свой хвост”, Вераніка Крукава – “Музыкант-чарадзей”, Таісія Алішчанка – “Як Васіль змея адолеў”, Эвеліна Кірчанка – “Залатая яблынька”, Вікторыя Кірчанка – “Залатая птушка”.
Па выніках конкурсу, у лік пераможцаў увайшла Ксенія Лукашэнак, чый малюнак заняў 3-е месца. З Блізкага Усходу праз Мінск у Латвію прыбыла ўзнагарода: дыплом і беларускія нацыянальныя сувеніры – ільняная сумка з вышыўкай “Скарбніцы”, кубак з арнаментам, шакалад “Камунарка”. Віншуем!
Усе ўдзельнікі конкурсу і кіраўніца студыі “Скарбніца” Настасся Лукашэнак былі адзначаны дыпломамі.
Цэнтр беларускай культуры выказвае падзяку Згуртаванню беларусаў Сірыі, Згуртаванню беларусаў Іарданіі і асабіста Аксане Чамеза за плённае супрацоўніцтва.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры