29 сакавіка 2022 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася персанальная выстава карцін “Подых вясны” вядомай даўгаўпілскай мастачкі з беларускімі каранямі Вэлты Лоцэ. Член Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі, кіраўніца мастацкай студыі ЦБК “Каларытны свет” прадставіла аматарам класічнага жывапісу некалькі дзясяткаў новых карцін.
Вэлта Лоцэ – вядомая ў Даўгаўпілсе і за яго межамі мастак-самавучка. Яе персанальныя і зборныя выставы неаднаразова праводзіліся ў Беларускім доме. На гэты раз на экспазіцыі прадстаўлены два дзясяткі абсалютна новых, нядаўна напісаных карцін, якія нідзе не выстаўляліся.
Пачатак вясны – гэта час абуджэння прыроды, час, калі душы чалавечай хочацца абнаўлення, яркіх і станоўчых эмоцый, хочацца хутчэй пазбавіцца ад грузу доўгай халоднай зімы і негатыву, звязанага з перыядам кавідных абмежаванняў.
З прыходам вясны няўрымслівай па натуры таленавітай мастачцы нясцерпна захацелася ўзяць у рукі пэндзаль і выплюхнуць на палатно пырскі яркіх сонечных фарбаў, упрыгожыць свет пейзажамі і нацюрмортамі сакавітых, чыстых, светлых і цёплых адценняў.
Калі глядзіш на палотны, якія яшчэ пахнуць фарбамі, як быццам адчуваеш свежасць дыхання вясны, чуеш, як журчыць ручаёк, які прабіваецца з-пад снегу, адчуваеш непаўторны водар пралескаў.
Як прызнаецца В. Лоцэ, мастак заўсёды злёгку перабольшвае: робіць тоны крыху больш ярчкімі, насычанымі, паветранымі і светлымі. Для яе работ не характэрны панурыя, змрочныя і цёмныя фарбы. У гэтым працы Велты падобныя з карцінамі яе адзінага настаўніка і эталона ў мастацтве, які аказаў уплыў на фарміраванне яе як мастачкі – даўгаўпілскага майстра пэндзля Яніса Даўкшты. Менавіта ён сказаў словы наказу на дарогу, якія пасля сталі яе дэвізам: “Малюй душой, а фарбы табе ў дапамогу”.
І сапраўды, колеры і фарбы, з якіх нараджаюцца новыя карціны Вэлты Лоцэ, дапамагаюць людзям глядзець у будучыню з аптымізмам, падымаюць настрой, нараджаюць радасныя эмоцыі, напаўняюць душу сонечным святлом і цяплом, якога зараз так не хапае людзям у паўсядзённым жыцці.
Сардэчна запрашаем у Беларускі дом наведаць персанальную выставу карцін Вэлты Лоцэ «Подых вясны» (вул. Алеяс, 68-1А), дзе вы зможаце зарадзіцца пазітыўнымі і светлымі пачуццямі. Экспазіцыя будзе даступная па працоўных днях (з 9 да 17.00) да 20 мая 2022 года.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры