Напярэдадні навагодніх святаў даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры ладзіць акцыю “Я жадаю Даўгаўпілсу…”. Стварыўшы віншавальную паштоўку сваімі рукамі, можна будзе абмяняць яе на салодкі сувенір у беларускага Дзеда Мароза і зрабіць з ім сэлфі.
Калядны час – пара цудаў, чараўніцтва, ціхіх сямейных вечароў. У гэты час ёсць жаданне запаволіць рытм жыцця і падумаць аб вечным, любві да таго, што цябе акружае, заняцца ручной працай. Менавіта ў гэты час у беларускіх дамах праходзілі Піліпаўскія вячоркі. У ціхія перадкалядныя вечары маладыя беларускія дзяўчаты займаліся рукадзеллем – пралі, вязалі, вышывалі, ткалі, займаліся выцінанкай, спявалі песні і рыхтаваліся да Калядаў.
Цэнтр беларускай культуры прапануе прыняць удзел у акцыі “Я жадаю Даўгаўпілсу…” і правесці свой вечар у творчасці. Для ўдзелу ў акцыі вам спатрэбіцца натхненне і крыху мастацкіх навыкаў. Стварыце паштоўку сваімі рукамі, упішыце ў яе пажаданні гораду на Новы год і падарыце яе беларускаму Дзеду Марозу.
Паштоўку можна будзе перадаць Дзеду Марозу і Снягурцы 17 снежня 2021 года, з 16.00 да 17.00 гадзін, каля навагодняй упрыгожанай аркі (скрыжаванне вуліцы Алеяс і Рыгас), а ўзамен атрымаць салодкі навагодні сувенір і сфатаграфавацца з чарадзейнымі героямі. Вашы паштоўкі і віншаванні ўбачыць Даўгаўпілс і ўвесь свет у анлайн-прасторы.
Удзел у каляднай акцыі не мае ўзроставых абмежаванняў.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне просім выконваць прынятыя правілы абмежаванняў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Ірына Апейнанэ