Галіна Рачко праз сямейную сагу злучыла Віцебск і Даўгаўпілс
Друкаваць

Галіна Рачко праз сямейную сагу злучыла Віцебск і Даўгаўпілс

“З Віцебска ў Даўгаўпілсе: шлях даўжынёй у жыццё”. Гэта назва кнігі, якую пра сваю сям’ю напісала даўгаўпілчанка Галіна Рачко, народжаная ў Беларусі. Яе прэзентацыя, арганізаваная Цэнтрам беларускай культуры, прайшла он-лайн на пляцоўцы zoom.

Кнігу Галіна Рыгораўна прысвяціла памяці сваякоў. На гэтую творчасць яе натхніў муж, вядомы ў Латвіі гісторык і краязнавец Іосіф Рачко, аўтар многіх даследаванняў і кніг па гісторыі мясцовых яўрэяў. Акрамя таго, у сям’і захавалася шмат старадаўніх фатаздымкаў, яны ўвайшлі ў кнігу, як і ўспаміны сваякоў.

Галіна Рачко пачынае аповед з прадзеда Янкеля Гілімсона па матчынай лініі, народжанага ў Віцебску, работніка друкарні. Перад вачыма чытача праходзіць гісторыя вялікай яўрэйскай сям’і, з партыярхальным укладам і традыцыямі, якую кранулі ўсе гістарычныя падзеі ХХ стагодзя: Першая сусветная вайна, сціплы побыт і цяга да адукацыі, Другая сусветная вайна, франтавыя шляхі, эвакуацыя на Урал, халакост, пасляваенныя праблемы, нацыянальнае пытанне.

Галіна, у дзявоцтве Гельтман, нарадзілася ў Віцебску ў 1948 годзе. Яе нараклі ў гонар бабулі Гінды па бацькоўскай лініі, якая загінула ў Віцебскім гетто. В 1954 годзе маладая сям’я вырашыла пераехаць у Латвію. Працу атрымалі ў дзіцячым доме, бацька – дохтарам, маці – музычным работнікам. Так Гельтманы сталі даўгаўпілчанамі.

Як распавяла Галіна Рачко, у яе тры радзімы – Беларусь, Латвія і Ізраіль. Самыя яскравыя ўспаміны пра Віцебск з дзяцінства – Фрунзенскі парк, вялізарны чыгуначны вакзал, лета ў бабулі, стары дом у самым цэнтры горада: “Я калі прыязджаю ў Віцебск, станаўлюся спіной да тэатра і кланяюся, гэта мае родныя мясціны, мы тут жылі. І кветкі нясу да помніка загінуўшым у гетто”.

Свой дбайны, адкрыты аповед пра сям’ю педагог Галіна Рыгораўна суправаджае тонкім гумарам, апісваючы розныя цікаўныя сітуацыі са сваякамі.

Просты пераказ, але колькі душэўнай цяплыні ў ім, памяці пра продкаў, павагі да свайго народа, любві да Радзімы!

Кніга “З Віцебска ў Даўгаўпілсе: шлях даўжынёй у жыццё” Галіны Рачко надрукавана невялікім накладам, хутка знайшла сваіх чытачоў. Тры асобнікі Цэнтр беларускай культуры адвёз у Віцебск. Ёсць яна і ў бібліятэцы ЦБК.   

 

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнт беларускай культуры,

Жанна Раманоўская