Малебен у гонар Еўфрасінні Полацкай завяршыў Дні беларускай культуры
Друкаваць

Малебен у гонар Еўфрасінні Полацкай завяршыў Дні беларускай культуры

У нядзелю, 23 мая 2021 года, у Даўгаўпілскім храме-капліцы Аляксандра Неўскага з захаваннем усіх пандэмійных патрабаванняў і абмежаванняў прайшло набажэнства ў гонар святой Еўфрасінні Полацкай – апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай, якое з благаславення епіскапа Даўгаўпілска-Рэзэкненскага Аляксандра адслужыў настаяцель айцец Аляксандр ( Юкімович).

        23 мая (5 чэрвеня) 2021 году спаўняецца 920 гадоў з дня нараджэння полацкай княгіні, асветніцы і заступніцы Еўфрасінні Полацкай – першай беларускай жанчыны таго гістарычнага перыяду, кананізаванай ў аблічча святых. Традыцыйна ў гэты памятны дзень у Даўгаўпілсе праходзіць малебен, прымеркаваны да майскіх дзён беларускай культуры.

         Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і каталікі. Аб асветніцкай дзейнасці княгіні, якая ўпотай прыняла пострыг, з гісторыі ведаюць многія беларусы: Еўфрасіння Полацкая ведала латынь і старажытнагрэцкі, пісала і перапісвала кнігі, сама складала музыку, спрыяла развіццю жывапісу і праславілася першай беларускай мецэнаткай. На яе сродкі і па яе заказе ў 50-я гады XII стагоддзя была пабудавана царква святога Спаса – вяршыня полацкай архітэктурнай школы. На замову Еўфрасінні ў 1161 г. залатых спраў майстрам Лазарам Богшам выраблены каштоўны напрастольны Крыж – унікальны шэдэўр старажытнабеларускага прыкладнога мастацтва, названы яе імем.

         Богаслужэнне прайшло з удзелам супрацоўнікаў ЦБК, прадстаўнікоў Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, членаў беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. У малітве ўшанавалі памяць святой і паставілі свечкі і кветкі да абраза Прападобнай, які ёсць у храме-капліцы.

        Айцец Аляксандр у пропаведзі да прысутных адзначыў, што Еўфрасіння Полацкая ўсё жыццё паклала на алтар служэння людзям, але перш за ўсё Богу. І нават цяпер, скрозь час стагоддзяў, яна дапамагае ўсім гарутным у іх просьбах і спадзяваннях. Святар заклікаў па меры магчымасці дапамагаць тым, каму патрэбна дапамога. Бо галоўнае ў чалавеку – любоў і міласэрнасць.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

Марыя Памецька, метадыст ЦБК