11 сакавіка 2021 года стартаваў літаратурны онлайн-марафон “Чытаем Крапіву разам”, прымеркаваны да 125-годдзя народнага пісьменніка Беларусі. Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прымеркаваў чытанні да Сусветнага дня пісьменніка, які традыцыйна адзначаецца 3 сакавіка.
Народны пісьменнік Беларусі Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) шырока вядомы ў беларускай літаратуры як майстар сатырычнага словы, паэт, драматург, перакладчык і літаратуразнаўца. Літаратар, апраўдваючы абраны псеўданім, востра і разумна абсмейвае зло, каб зацвердзіць дабро.
Непадробленую цікавасць у чытача выклікаюць яго фельетоны, жарты, сатырычныя п'есы, зборнікі прозы. Але галоўная з вяршыняў у творчасці Кандрата Крапівы – байкі і сатырычна-гумарыстычныя вершы, вядомыя шматлікім са школьных гадоў.
З нагоды юбілею народнага пісьменніка Кандрата Крапівы Цэнтр беларускай культуры прапанаваў успомніць любімыя байкі і вершы і прачытаць іх разам на пляцоўцы ZOOM. Метадыст ЦБК цёпла вітала ўсіх удзельнікаў онлайн-марафону, сцісла нагадала пра творчасць К. Крапівы.
Удзельнікі сустрэчы натхнёна, з задавальненнем і выразам чыталі любімыя творы
К. Крапівы, у якіх вобразна і дасціпна высмейваюцца чалавечыя заганы і недахопы: Таццяна Дзянісава – “Ганарысты парсюк”; Жанна Раманоўская – “Дыпламаваны баран”; Алена Радзівонава – “Мода”; Яніна Юзэфовіч – “Заява”; Марыя Памецька – “Мандат”; Лілія Воранава – “Сава, асёл ды сонца” і “Дзед і баба”; Іна Валюшка – “Балет” і “Вол і авадзень”. І хоць байкі напісаны каля 100 гадоў таму, многія з іх перажылі свой час, не згубіўшы актуальнасці сёння.
Падводзячы вынікі, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская са шкадаваннем адзначыла, што мерапрыемствы літаратурнага напрамку збіраюць вузкую аўдыторыю, затое гэта шчыра зацікаўленыя чытачы. Такія онлайн-сустрэчы папулярызуюць літаратуру, даюць магчымасць далучыцца да паэтычнага слова і багатай літаратурнай спадчыны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК