19 лютага 2021 года, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) он-лайн правёў другую канферэнцыю “Беларускія чытанні”, у якой прынялі ўдзел даследчыкі і навукоўцы з Латвіі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі.
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/455-belaruskiya-chytanni-sabrali-navuko-tsa-i-dasledchyka-z-pyatsi-krain?tmpl=component&print=1#sigProId514a7c8c78
Cустрэча
Першая Міжнародная канферэнцыя “Беларускія чытанні” прайшла роўна год таму ў Даўгаўпілсе, аб'яднаўшы спецыялістаў, якія вывучаюць розныя напрамкі сувязяў Латвіі і Беларусі, беларускую дыяспару за мяжой. Форум быў прымеркаваны да Дня роднай мовы, і па яго выніках стала зразумела, што пачынанне перарасце ў традыцыю. “Беларускія чытанні” – не навукова-прыкладная канферэнцыя, а максімальна шырокая пляцоўка для дыялогу з навуковым ухілам.
Пандэмія каронавіруснай інфекцыі ўскладніла ўсім жыццё. Канферэнцыя вымушана перанеслася ў інтэрнэт-асяроддзе, аднак ZOOM “адкрыў” межы, і да Латвіі і Беларусі далучыліся Польшча, Чэхія, Эстонія. Прагучала 19 дакладаў, якія па тэматыцы былі падзеленыя на тры тэмы: культура, гісторыя, дыяспара.
Удзельнікаў канферэнцыі павітаў намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, падкрэсліўшы значнасць падзеі, распавёў пра ўдзел горада ў конкурсе на статус “Культурнай сталіцы Еўропы-2027”.
Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Ілля Лапуць у вітальнай прамове адзначыў: “Беларускае сэрца для Даўгаўпілса заўсёды адкрыта. Мы заўсёды ўмелі знаходзіць агульную мову, нягледзячы на любыя складанасці, любыя праблемы, якія вельмі часта праз нашы краіны пракатваліся. Мы тут жылі, застаемся добрымі суседзямі. Гэта трэба шанаваць, гэта трэба памятаць, гэта трэба вывучаць”.
Культура
Даклад доктара культуралогіі, намесніка дырэктара Беларускай Нацыянальнай Бібліятэкі Аляксандра Сушы (Мінск), прысвечаны выданню буквароў для беларускіх школ Латвіі ў міжваенны перыяд, адкрыў працоўную частку канферэнцыі “Беларускія чытанні”. Дакладчык коратка пазначыў дзейнасць Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Бацькаўшчына” (1921 год заснавання, першы старшыня Ян Харлап) у прасоўванні беларускай адукацыі ў міжваеннай Латвіі. У той перыяд дзейнічала 60 беларускіх школ. Дзеці вучыліся чытаць на роднай мове па кнігах: А. Смоліч “Зорка” (1922 г., Вільня), К. Езавітава “Беларуская школа” (1926, Рыга), Я. Лёсіка “Наша Крыніца” (1927 г., Рыга), В. Бароўскай “Васількі” (1935 г., Рыга).
Тэму навучання і падрыхтоўкі каталіцкіх святароў у Краслаўскай семінарыі аж да яе закрыцця вывучала кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк (Нацыянальная акадэмія навук РБ, Мінск).
Вопытам выкладання гісторыі латышскай літаратуры ў рамках дысцыпліны “Літаратура блізкага замежжа” падзялілася кандыдат філалагічных навук Ганна Гладкова (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава, Беларусь). ЦБК і ўніверсітэт звязвае пагадненне аб супрацоўніцтве.
Тэму працягнуў Андрэй Ціхаміраў (Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі), які вывучаў пераклады латышскай літаратуры на беларускую мову ў пачатку ХХI стагоддзя.
Доктар філалогіі Міраслаў Янковяк (Пражскі ўніверсітэт) прааналізаваў беларускія дыялекты ў Латвіі. На гэтую тэму ўжо выйшлі дзве яго манаграфіі.
У сваю чаргу, даследчык Андрэй Герберг (Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт) звярнуў сваю ўвагу на архітэктурны стыль, які назваў “Латгальскім барока”. Старадаўнія будынкі з чырвонай цэглы яшчэ захаваліся ў Віцебску.
Гісторыя
Пра “Ганненскі кірмаш”, які са штогадовага рэгіянальнага кірмашу ў даўніну адрадзіўся ў нашы дні ў якасці фестывалю, распавялі прадстаўнікі п. Зэльва (Гродзенская вобласць). Менавіта на тэме фестывальнага кірмашу пазнаёміліся і сталі партнёрамі Даўгаўпілскі ЦБК і Зэльвенскі аддзел культуры.
Імя гісторыка Аляксея Сапунова нечакана злучыла Віцебск і Даўгаўпілс. Бюст заслужанаму земляку ўстаноўлены каля Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя
П. Машэрава. А ў Даўгаўпілсе напярэдадні яго 170-гадовага юбілею выдалі яго працу пра Польскія Інфлянты. Пра гэта займальна расказала супрацоўніца Цэнтра рускай культуры Галіна Іванова.
Другое імя – знакамітай у Латвіі мастачкі Аляксандры Бельцавай, якую дыяспара лічыць беларускай мастачкай, дакладчык Ларыса Кайміня прадставіла як сімбіёз культур.
Дыскусію выклікаў даклад Максіма Каралёва (Варшаўскі ўніверсітэт), які шмат гадоў вывучае культуралагічныя сувязі Латвіі і Беларусі, шмат публікуецца. Тэмай яго вывучэння стала выдадзеная ў Рызе ў 1933 г. кніга пра беларускі нацыянал-фашызм у Латвіі. Як аказалася, назва не адпавядае зместу.
У сваю чаргу, гісторык Аляксандр Ніканаў (Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт) вывучаў удзел латышоў у партызанскім руху ў Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны.
Гісторыяй ужо стаў і інтэлектуальна-спаборніцкі рух “Што? Дзе? Калі?”, які ўзнік у канцы ХХ-стагоддзя. Як супрацоўнічаюць і куды рухаюцца клубы знатакоў Латвіі і Беларусі – пра гэта распавёў даследчык Жан Бадзін (Даўгаўпілскі ўніверсітэт).
Дыяспара
ЦБК, як арганізатар канферэнцыі, таксама прадставіў два даклады. Адзін быў прысвечаны нацыянальнай кухні як феномену ў сістэме культурных маркераў беларусаў Даўгаўпілса, другі – конкурсу эсэ да стагоддзя са дня нараджэння пісьменніка Івана Шамякіна, творы якога ў свой час вывучала ў школьнай праграме старэйшае пакаленне.
Плённым аказаўся абмен вопытам паміж беларускімі таварыствамі Даўгаўпілса, Таліна і Нарвы. Талінскі цэнтр “Радзіма” папулярызуе беларускую культуру сярод эстонскіх дзяцей, а дзейнасць нядзельнай школы Даўгаўпілскага таварыства “Уздым” арыентавана на дзяцей з сем'яў з беларускімі каранямі. У той жа час Нарвскае таварыства адзначыла праблемы з роднай беларускай мовай.
Дыктант
У рамках II-й Міжнароднай канферэнцыі “Беларускія чытанні” адбылася традыцыйная дыктоўка па беларускай мове, якая таксама прайшла он-лайн. Завуч Рыжскай беларускай школы імя Я. Купалы Ганна Іванэ выбрала для дыктоўкі ўрывак з рамана “Людзі на балоце” Івана Мележа, стагоддзе з дня нараджэння якога адзначае літаратурны свет у лютым. Дарэчы, на гэтую тэму педагог, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, зрабіла займальны эмацыйны даклад на канферэнцыі. Дыктоўку пісалі супрацоўнікі ЦБК і Пасольства РБ у ЛР, Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе, педагогі Рыжскай беларускай школы, актывісты беларускіх таварыстваў “Уздым” (Даўгаўпілс), “Мара” (Ліепая), “Вытокі” (Рыга), “Сябры” (Нарва , Эстонія). Лісты адаслалі на праверку ў Рыжскую беларускую школу. Чакаем адзнакі!
Як лічаць арганізатары, “Беларускім чытанням” удалося захаваць цёплую атмасферу, сустрэцца са старымі сябрамі, завязаць новыя кантакты. Па матэрыялах першай канферэнцыі ўжо выдадзены зборнік, які атрымалі ў падарунак усе ўдзельнікі другіх “Беларускіх чытанняў”, зразумелая справа, па пошце. Ужо відавочна, што другі зборнік будзе значна аб'ёмней папярэдняга.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры