22 лютага 2021 года беларусы Рыгі, Даўгаўпілса, Ліепаі і Нарвы ўдзельнічалі ў напісанні дыктоўкі па беларускай мове, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Традыцыйная акцыя ў гэты раз прайшла он-лайн на пляцоўцы ZOOM.
Як адзначыла кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Жанна Раманоўская: “Родная мова – гэта аснова культуры кожнага народа. Мы паважаем, захоўваем і стараемся папулярызаваць родную беларускую мову, таму не адступаем ад традыцыі і кожны год у гэты дзень пішам дыктоўку на беларускай мове”.
Завуч Рыжскай беларускай школы імя Я. Купалы, настаўніца беларускай літаратуры і мовы Ганна Іване абрала для дыктоўкі ўрывак з рамана “Людзі на балоце” Івана Мележа, стагоддзе з дня нараджэння якога адзначае літаратурны свет у лютым. Вітаючы ўдзельнікаў дыктоўкі, Г. Іване падзялілася радаснымі пачуццямі, што родная беларуская мова нас аб'ядноўвае і выказала надзею, што гэта мерапрыемства падштурхне беларусаў узяць у рукі кнігу на роднай мове, беражліва ставіцца да спадчыны сваіх продкаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 18 удзельнікаў: супрацоўнікі ЦБК і Пасольства РБ у ЛР, Генеральнага консульства РБ у Даўгаўпілсе, педагогі Рыжскай беларускай школы, актывісты беларускіх таварыстваў “Уздым” (Даўгаўпілс), “Мара” (Ліепая), “Вытокі” (Рыга), “Сябры” (Нарва, Эстонія).
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька ўдзельнічае ў напісанні дыктоўкі ўсе пяць гадоў, у яго творчасці шмат вершаў, прысвечаных роднай мове і Радзіме.
Усе тэксты дыктантаў ЦБК па пошце адправіць у Рыжскую беларускую школу, дзе ўжо сабрана цэлая калекцыя розных гадоў.
Спадзяёмся, што цікавасць да сваёй роднай мовы ў беларусаў замежжа будзе расці і дыктоўка будзе прыцягваць усё большую колькасць удзельнікаў.
Арганізатары дыктоўкі: Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры ў супрацоўніцтве з Рыжскай беларускай школай імя Янкі Купалы.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры