21 лютага 2021 года, у Міжнародны дзень роднай мовы, Нарвскае беларускае таварыства “Сябры” (Эстонія) арганізавала і правяло он-лайн творчую сустрэчу з паэтам-песеннікам Канстанцінам Цыбульскім (Беларусь), на якую быў запрошаны і Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры.
Імя Канстанціна Цыбульскага добра вядома ў Беларусі і за яе межамі. Выдадзены зборнікі паэзіі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, яго песні выконваюць прафесійныя зоркі беларускай эстрады: А. Ярмоленка і ансамбль “Сябры”, Т. Лазоўская і ансамбль “Бяседа”, ансамблі “Чысты голас” і “Талака”, Народны хор імя Цітовіча, В. Дайнэка і многія іншыя. Песні К. Цыбульскага спяваюць таксама аматарскія ансамблі беларускіх таварыстваў замежжа.
Творчая сустрэча прайшла на пляцоўцы ZOOM, у якой удзельнічалі беларускія актывісты з Эстоніі, Латвіі, Расіі, Украіны, Іарданіі.
Са святам – Міжнародным днём роднай мовы, удзельнікаў павіншаваў дыпламат пасольства Беларусі ў Эстоніі Аляксей Зубко, адзначыўшы, што мова з'яўляецца самым моцным інструментам захавання нацыянальнай спадчыны.
А далей паэт Кастусь Цыбульскі распавядаў пра сваё дзяцінства і любімую работу, чытаў вершы, спяваў песні, адказваў на пытанні. Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Беларусам замежжа паэт прысвяціў верш “Радзімічы”, выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з іх аматарскімі калектывамі.
Так, першай песняй харавой капэлы “Спадчына” з Даўгаўпілса стала менавіта “Зязюля-варажбітка” К. Цыбульскага. Слухачы Латвійскага радыё 4, беларускай праграмы “Світанак”, таксама знаёмыя з творчасцю Канстанціна Пятровіча, дзе гучала яго песня “Пажаданне” у выкананні салістаў філармоніі Ігара Задарожнага і Марыны Васілеўскай.
Словы сардэчнай падзякі арганізатарам творчай сустрэчы – Нарвскаму беларускаму таварыству “Сябры”, яго кіраўнікам Людміле Аннус і Віктару Байкачову! Выдатная наватарская ідэя арганізацыі такіх сустрэч абавязкова будзе мець працяг.
Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
Цэнтр беларускай культуры