На здзіўленне плённым аказаўся першы месяц восені для мастацкай студыі “Каларытны свет”, створанай пры Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК), якім кіруе вядомая ў горадзе і за яго межамі самадзейная мастачка Вэлта Лоцэ.
Восень – самая яркая і выдатная пара года; яе чароўная магіяй і прыгажосцю захапляліся мастакі, пра яе хараство пісалі паэты. Восень – гэта не толькі шэрасць, дождж і холад, але яшчэ і буянства фарбаў, яркія парасоны, паходы ў лес за грыбамі і ўтульныя цёплыя вечары ў коле сяброў.
Удзельнікі студыі ЦБК “Каларытны свет” таксама адносяцца да ліку мастакоў, якіх восень натхняе на стварэнне яркіх жывапісных сюжэтаў, таму яны і прапанавалі аматарам жывапісу атрымаць асалоду ад творчасці таленавітых мастакоў, якія паказваюць у сваіх карцінах усю прыгажосць і таінства залатой восені.
Старт “восеньскаму марафону” быў дадзены яшчэ ў жніўні, калі ў Доме культуры пасёлка Мірны Лаўцэскай воласці 7 жніўня адбылося адкрыццё персанальнай выставы жывапісных работ Вэлты Лоцэ. У светлай утульнай зале размясціліся 30 карцін з краявідамі і нацюрмортамі, напісаных маслам.
А 12 верасня мастакі студыі ЦБК “Каларытны свет” і члены Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Вэлта Лоцэ і Барыс Барысаў прынялі ўдзел у пленэры ў пасёлку Табарэ, тэмай якога стаў панскі дом Табарскага маёнтка, які належыць сям'і барона фон Энгельгардта.
У вялікай зале гістарычнай сядзібы размясцілася выстава жывапісных работ Вэлты Лоцэ пад назвай “Восеньскія матывы”, адкрыццё якой адбылося 17 верасня. На 26 палотнах намаляваныя пейзажы з матывамі восені і нацюрморты са шчодрым восеньскім ураджаем. Гэта першая маштабная выстава ў гэтым будынку, і жыхарам пасёлка яна відавочна прыйшлася да спадобы.
А нашы мастакі запрашаюць наведаць свае выставы і жадаюць усім прыгожага восеньскага настрою! Да таго ж у ЦБК да 8 кастрычніка будзе адкрыта выстава карцін Вэлты Лоцэ “У свеце кветак”.
Сардэчна запрашаем!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК