Беларуская “Спадчына” павіншавала сеньёраў з іх святам
Друкаваць

Беларуская “Спадчына” павіншавала сеньёраў з іх святам

1 кастрычніка 2020 года харавая капэла “Спадчына” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) прыняла ўдзел у гарадскім святочным мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму дню сеньёраў, які штогод адзначаецца ў многіх краінах свету, пачынаючы з 1991 года.



          Так атрымалася, што асноўны склад “Спадчыны” – гэта людзі, якія выйшлі на пенсію і прысвяцілі сябе самым розным творчым заняткам, у тым ліку і спевам. У прыгожых народных строях, з цёплымі ўсмешкамі, калектыў з натхненнем і запалам выканаў некалькі беларускіх народных і аўтарскіх песень. Па настроі гледачоў адчувалася, што старанні беларускіх самадзейных артыстаў данесці змест песень, пазітыўныя эмоцыі і добры настрой, не зніклі дарма – спагадлівая публіка шчодра аддзякавала апладысментамі.

        Сардэчныя словы віншаванняў прагучалі ў адрас пажылых людзей ад кіраўніцы ЦБК Жанны Раманоўскай і кіраўніцы харавой капэлы “Спадчына” Яніны Юзэфовіч, якія адзначылі, што ў любым узросце можна знайсці занятак па душы і з цікавасцю праводзіць вольны час.
          Канцэрт у парку Дубровіна ў чарговы раз аб'яднаў людзей розных нацыянальнасцяў і ўзростаў. Гэта асабліва важна для адзінокіх пажылых людзей, якія знаходзяць радасць у зносінах, песнях і танцах; і гэта дае магчымасць людзям старэйшага пакалення адчуць, што яны важныя і патрэбныя грамадству.


Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Яніна Юзэфовіч, кіраўніца харавой капэлы “Спадчына”