26 красавіка 2016 года спаўняецца 30 гадоў са дня адной з самых маштабных тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва – аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у выніку якой у наібольшай ступені пацярпелі Беларусь, Украіна, Расія, на тэрыторыі якіх радыёактыўнаму апрамяненню падвергліся мільёны жыхароў.
26 красавіка ў 12.00 у кафедральным Барыса-Глебскім саборы ў Даўгаўпілсе (вул.Таутас, 2) была адслужана паніхіда па ахвярах чарнобыльскай трагедыі. Яе адслужыў Благачынны Даўгаўпілскай праваслаўнай акругі протаіерэй Айцец Георгій (Папоў).
Богаслужэнне ўшанавалі сваёй прысутнасцю прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса Рэспублікі Беларусь: Генеральны консул РБ Уладзімір Клімаў, консулы Антаніна Струнеўская і Дзмітрый Канстанцінаў, супрацоўнікі консульства РБ, консул-саветнік Расійскай Федэрацыі Уладзімір Шчукін, прадстаўнікі Даугаўпілскага гарадскога самакіравання, а таксама супрацоўнікі Цэнтра беларускай культуры і Цэнтра рускай культуры, прадстаўнікі беларускага нацыянальна-асветніцкага таварыства «Уздым» і украінскага нацыянальна-культурнага таварыства «Мрыя», жыхары Даўгаўпілса і краю.
Ад Латвіі ў ліквідацыі аварыі, якая адбылася ў ноч на 26 красавіка 1986 года, удзельнічала больш 6 тысяч чалавек. У цяперашні час 3374 ліквідатарам прысвоена інваліднасць, больш за 900 чалавек памерлі, а шмат хто пазбавіўся працаздольнасці.
Прысутныя на паніхідзе ўспомнілі гэтыя трагічныя для Беларусі, Расіі і Украіны падзеі, у агульнай малітве ўшанавалі памяць загінуўшых ад чарнобыльскай катастрофы.