У суботу, 5 кастрычніка 2019 года, у 14.00, у рамках IX Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца прэзентацыя кампакт-дыска песень на словы паэта Станіслава Валодзькі ў выкананні саліста Сяргея Шабадалава (Вісагінас, Літва).
Сяргей Шабадалаў – саліст ансамбля “Світанак” беларускага таварыства “Крок”, член праўлення Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы. Актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі беларускіх святаў у Літве і з'яўляецца іх вядучым; часта выступае на культурных праектах у Літве, Беларусі, Латвіі.
С.Шабадалаў – даўні сябар і часты госць у Беларускім доме; штогод удзельнічае ў міжнародным фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
На другі фестывальны дзень у Цэнтры беларускай культуры адбудзецца прэзентацыя кампакт-дыска “Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі”. У яго ўвайшлі 16 песень на беларускай мове на словы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі (ці ў яго перакладзе).
Песні пра Беларусь, пра малую радзіму, пра каханне, жартоўныя песні – кожны на канцэрце пачуе пра нешта блізкае і дарагое сэрцу. Выдатны і моцны голас, жартоўныя рэпрызы і прыроднае абаянне артыста нікога не пакінуць абыякавым.
Сардэчна запрашаем на канцэрт, які адбудзецца 5 кастрычніка, у 14.00, у ЦБК (вул.Алеяс, 68-1А)!
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздыманне.
Уваход свабодны.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A