25-26 мая 2019 года ў г.Таліне (Эстонія) у рамках Дзён славянскага пісьменства і культуры прайшоў Дзень беларускай культуры “Краскі Беларусі”, у якім прынялі ўдзел вакальныя калектывы беларускіх таварыстваў Эстоніі. А асновай праграмы стала выступленне творчых калектываў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК): ансамбля народнай песні “Купалінка” і танцавальнага ансамбля “Лянок”.
Цэнтр беларускай культуры даўно і плённа супрацоўнічае з беларускімі грамадскімі арганізацыямі з Таліна, Нарвы, Маарду; прадстаўнікі і творчыя калектывы з гэтых эстонскіх гарадоў неаднаразова бывалі гасцямі Міжнароднага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
На гэты раз па запрашэнні беларускага таварыства “Ялінка” (Маарду) у далёкі Талін майскай суботняй раніцай адправілася вялікая і прадстаўнічая дэлегацыя ў складзе “Купалінкі” (кір. Вячаслаў Пятроў) і “Лянка” (кір. Марына Медунецкая). Сонечная раніца, камфартабельны аўтобус, дружная кампанія творчых, пазітыўна настроеных артыстаў спрыялі вандроўцы ў старадаўні горад Талін. І хоць ён сустрэў падарожнікаў шэрымі хмарамі, невялікім дажджом і ветрам, настрою гэта нікому не сапсавала. Цёплая і прыветлівая ўсмешка арганізатара свята Алены Калягінай, якая сустракала нашу дэлегацыю і прыязна суправаджала падчас усяго знаходжання, унікальны будынак Рускага культурнага цэнтра, пабудаваны ў стылі неакласіцызму, у якім праходзіў канцэрт, наладзілі на пазітыўную хвалю і жаданне выступіць так, каб даставіць эстонскім гледачам і прымаючаму баку самыя пазітыўныя эмоцыі.
Адкрываючы святочны канцэрт Дня беларускай культуры, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Эстонскай Рэспубліцы Вячаслаў Качанаў адзначыў важную ролю беларускіх арганізацый замежжа ў захаванні культурнай спадчыны беларусаў за мяжой і падкрэсліў аб'яднаўчую ролю песні ва ўмацаванні сувязяў паміж людзьмі, арганізацыямі, гарадамі і краінамі.
Пасля кароткіх выступленняў Нарвскага беларускага таварыства “Сябры”, Талінскага беларускага таварыства “Лёс”, Маардскага беларускага таварыства “Ялінка”, сцэна больш чым на гадзіну перайшла ў распараджэнне даўгаўпілскіх артыстаў. Праграма была складзена так рацыянальна, што час выступу праляцеў непрыкметна. Задорныя і лірычныя песні “Купалінкі” чаргаваліся з не менш яркімі і захапляльнымі танцавальнымі нумарамі “Лянка”; сольныя песні ў выкананні Віталя Міхайлаўскага і Андрэя Праневіча мяняліся на феерычныя танцы маладзёжнага дуэта Валерыя Медунецкага і Людмілы Малыгінай. І ўсе гэтыя яркія маляўнічыя нумары злучыліся ў адзіную гарманічную палітру лагічнымі і маляўнічымі звязкамі ў прозе і вершах на беларускай мове вядучай канцэрта Марыі Памецька.
Заключную песню “Мы вам жадаем” у выкананні “Купалінкі” дружна падхапілі ўсе ўдзельнікі канцэрту. Публіка падпявала разам, бурна апладыравала і доўга не хацела адпускаць артыстаў.
Пазітыўны настрой, які застаўся пасля выступлення, захаваўся на наступны дзень і папоўніўся новымі ўражаннямі падчас экскурсіі па старадаўнім, заснаваным на пачатку сярэдневяковай эпохі Таліне, які ўяўляе сабой арганічнае спалучэнне старога і новага. Тут куткі Сярэдневякоўя з гатычнымі дамамі, непрыступнымі сценамі, вузкімі вулачкамі і старажытнымі будынкамі суседнічаюць з сучаснымі вежамі і раскошнымі небаскробамі, моднымі кварталамі і буйнымі гандлёвымі цэнтрамі.
А для творчых калектываў паездка за мяжу – гэта яшчэ і магчымасць атрымаць новы вопыт, завязаць новыя знаёмствы для далейшага плённага супрацоўніцтва.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1A