6 ліпеня 2018 года ў малой зале Дома Адзінства ў Даўгаўпілсе прайшоў канцэрт «Беларускае Купалле», арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК), у якім прынялі ўдзел мясцовыя беларускія калектывы і ансамбль народнай песні «На панадворку» (Браслаў, Беларусь).
https://bkc.daugavpils.lv/be/home/11-newsru/245-z-anshlagam-adshumela-belaruskae-kupalle#sigProIdd7b28b9d4f
Купалле – адно з самых старажытных народных святаў, прысвечаных летняму сонцастаянню і росквіту зямлі, якое адзначаюць у славян у ноч з 6 на 7 ліпеня.
У Даўгаўпілсе "Беларускае Купалле" стала традыцыйным і вельмі папулярным. Мяняліся яго фарматы - ад прадстаўлення ў зале да свята-квэсту ў парку Дубровіна, але нязменнай заставалася яркая і незабыўная атмасфера ўсеагульнага народнага гуляння з вясёлымі беларускімі песнямі, танцамі, карагодамі, абрадамі і рытуаламі, разнастайнымі майстар-класамі ад народных умельцаў.
У гэтым годзе "Беларускае Купалле" вярнулася ў залу ў фармаце канцэрта, паколькі тэхнічна было вельмі складана арганізаваць масавае вулічнае свята, бо ў гэтыя дні ўся Латвія жыла ў рэжыме Уселатвійскага свята песні і танцаў. Напярэдадні ноччу з Рыгі вярнуліся тры калектывы ЦБК, для якіх вялікі гонар – прымаць удзел у латвійскай культурнай алімпіядзе: іх бачылі сотні тысяч гледачоў у святочным шэсці, на канцэрце ў тэатры Чэхава, на канцэртных пляцоўках у Верманскім садзе. Пра гэта казала кіраўніца Цэнтра беларускай культуры і старшыня Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская, адкрываючы канцэрт "Беларускае Купалле". Затым прагучалі сардэчныя віншаванні на адрас таварыства «Уздым», якое менавіта ў гэты дзень адзначыла 25-годдзе з дня заснавання.
Тэму працягнуў новы консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч, які звярнуўся з прывітальным словам да беларускай дыяспары і гасцей.
А затым гледачоў ад малога да вялікага захапіла канцэртная праграма, у якой выступілі творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка", танцавальны ансамбль "Лянок", вакальна-інструментальны ансамбль "Пралескі", харавая капэла «Спадчына», тэатральная студыя «Паўлінка» (дарэчы, «Купалінка», «Паўлінка» і «Пралескі» паказалі купальскую праграму, з якой яны выступалі ў Рызе).
Запальны ансамбль народнай песні «На панадворку» (Браслаў, Беларусь), нікога не пакінуў абыякавым. Усе дружна падпявалі, прытупвалі, а некаторыя нават пускаліся ў скокі.
Да канцэрта і падчас яго любы жадаючы мог паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабу лялек-абярэгаў, гліняных свістулек і шмат чаго іншага ад браслаўскіх рамесніц Ларысы Дарафейчык і Ірыны Высоцкай (Беларусь), а таксама беларускай выцінанкі ад Цэнтра беларускай культуры. Таму многія гледачы панеслі з сабой не толькі ўзнёслы святочны настрой, але сувеніры і паштоўкі, зробленыя ўласнымі рукамі.
У наступным годзе Купалле абавязкова вернецца на прыроду – у парк!
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку за дапамогу ў арганізацыі канцэрта Цэнтру латышскай культуры, прадпрыемству "Labiekārtošana - D" і гарадскім сродках масавай інфармацыі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры