Увечары 12 чэрвеня 2017 года дзверы ўтульнага Латышскага дома ў Даўгаўпілсе былі адчыненыя для прадстаўнікоў нацыянальна-культурных таварыстваў. На семінары, прысвечаным Ліга, гасцей знаёмілі з гісторыяй і традыцыямі народнага латышскага свята, а госці распавядалі пра свята сонцавароту ў свайго народа. У тым ліку быў і Цэнтр беларускай культуры - са святам Купалля.
У рамках праекта «Visa plata pasaulīte apakš tavas cepurītes» Даўгаўпілскае латышскае таварыства ў сапрацоўніцтве з таварыствам «Atmiņu lāde» праводзілі семінар аб гісторыі і традыцыях святкавання Янава дня ў Латвіі, на якім прысутнічалі прадстаўнікі розных народаў.
Семінар пачаўся са знаёмства з абрадавымі традыцыямі святкавання Янава дня, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, пераплятаючыся з асаблівасцямі той ці іншай мясцовасці, пашыраючы и дадаючы латгальскі каларыт.
З разнастайнасцю і значэннем лекавых зёлак, якія ўплятаюцца ў вянкі, пазнаёміла ўсіх прысутных Ірэна Войтанэ. Усе з цікавасцю слухалі аповяд і атрымлівалі асалоду ад водара духмяных траў, пазнаючы ў гэтым і свае традыцыі. Аповед пра абавязковыя рытуалы святкавання Янава дня, такія як пошукі папараць-кветкі, пачастунак разнастайнымі сырамі і півам, наведванне лазні, перамяжоўвалі душэўным выкананнем латышскіх песень, якія падхоплівалі і госці семінара.
Усе ўдзельнікі семінара дзяліліся асаблівасцямі свята сонцавароту ў свайго народа, заўважаючы падабенства традыцый розных культур.
Супрацоўніца Цэнтра беларускай культуры Інэса Казлоўская распавяла пра асаблівасці святкавання беларускага Купалля. Абрадавыя традыцыі падобныя, але многія ўдзельнікі семінара з цікавасцю слухалі, як беларусы збіраюцца да вогнішча, абыходзячы з возам падворкі, збіраючы драўляны хлам для агульнага свяшчэннага агню; пра тое, як пад раніцу людзі бралі з вогнішча несатлелае вуголле і неслі дадому абкурыць дымам і ачысціць хату і хлеў; пра пусканне вянкоў па вадзе незамужнімі дзяўчатамі і шмат чым іншым. Удзельніцы ансамбля «Пралескі» Инэса Казлоўская и Ганна Сямёнова акапэльна выканалі вядомую народную песню «Купалінка», якую падпявалі шматлікія прысутныя госці Латышскага дома.
Мерапрыемствы ў рамках гэтага праекта працягнуцца, і зацікаўленых даўгаўпілчан яшчэ чакаюць майстар-клас па пляценню вянкоў і зялёны рынак. А Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры запрашае ўсіх на свята "Беларускае Купалле» - 7 ліпеня ў 18.00 у Дубровінскі парк!
Информация подготовлена:
Центр белорусской культуры,
т. 654 24695