Дзеці і бацькі вучыліся танцаваць беларускую польку
Друкаваць

Дзеці і бацькі вучыліся танцаваць беларускую польку

1 чэрвеня 2017 года ў даўгаўпілскім Цэтральным парку адбылося вялікае сямейнае свята “Актыўны адпачынак разам з сям’ёй”,  арганізаваны Маладзёжным аддзелам Дэпартамента спорта і моладзі Даўгаўпілскай гарадской думы. Свята праходзіла ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Дню абароны дзяцей, і ў ім актыўны ўдзел прыняў Цэнтр беларускай культуры (ЦБК).

Для маленькіх даўгаўпілчан было прадугледжана шмат розных сюрпрызаў, спартыўных і гульнёвых заданняў, а таксама творчых майстэрняў. У Цэнтральным парку на Алеі лавак размясціўся куточак беларускай культуры. Супрацоўнікі ЦБК – арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Апейнанэ, кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэса Казлоўская і валанцёр беларускага таварыства “Уздым” Паўла Пяцэвіч праводзілі майстар-клас па беларускай выцінанцы (аплікацыя з паперы).

Вялікія і маленькія дзеці, самі і з дапамогай мам выразалі малюнкі лісічак, зайцаў, сабачак і яблыкаў. Стараліся, акуратна выразаючы па контурах, прытрымоўваючыся ўсіх рэкамендацый па выкананні работ у тэхніцы беларускай выцінанкі. Дзеці з задавальненнем афармлялі паштоўкі, чыталі па-беларуску і з непадробнай зацікаўленасцю слухалі беларускую мову. Дарослыя дапамагалі і падказвалі, а некаторыя падпісвалі паштоўкі сваім родным і расказвалі, што ў іх ёсць бабулі і дзядулі ў Беларусі, якіх унукі могуць парадаваць такой паштоўкай.

Удзельнікі танцавальнага ансамбля “Лянок” на чале з кіраўніцай Марынай Медунецкай пад музычнае суправаджэнне канцэртмайстра Вячаслава Пятрова далі майстар-клас па беларускіх танцах. Даўгаўпілчане з задавальненнем вучылі рухі беларускай полькі і падэспані, старанна паўтараючы іх за танцорамі “Лянка”.

Нягледзячы на халоднае надвор’е, госці свята дзяцінства весела і захапляюча правялі час разам са сваімі сем’ямі і актыўна сустрэлі пачатак лета.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

кіраўніца тэатральнай студыі “Паўлінка” Інэса Казлоўская

т. 654 24695, 22010006