Міжнародны дзень роднай мовы: пішам па-беларуску
Друкаваць

Міжнародны дзень роднай мовы: пішам па-беларуску

У сераду, 22 лютага 2023 года, у 13.00, у Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца дыктоўка па беларускай мове, традыцыйна прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод, пачынаючы з 2000 года, адзначаецца 21 лютага.

У Цэнтры беларускай культуры дыктоўка па беларускай мове стала традыцыйнай і збірае вялікую аўдыторыю. У апошнія гады дзякуючы пляцоўцы zoom дыктоўка набыла міжнародны маштаб, і разам з беларусамі Даўгаўпілса яе пішуць землякі ў Рызе, Ліепаі, Літве, Эстоніі і нават Іарданіі.

Для дыктоўкі звычайна выбіраецца тэкст вядомага празаіка. У гэтым годзе гэта будзе ўрывак з твора Янкі Маўра – аднаго з заснавальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, прыгодніцкага і навукова-фантастычнага жанраў у беларускай літаратуры. Выбар не выпадковы: 130 гадоў таму пісьменнік нарадзіўся ў Ліепаі.

ЦБК запрашае ўсіх, хто ведае і шануе родную мову, паспрабаваць свае сілы ў напісанні дыктоўкі па беларускай мове. Чакаем у сераду, 22 лютага 2023 года, у 13.00, па адрасе: вул. Алеяс, 68-1А!

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры