У суботу, 6 жніўня, у беларускім таварыстве “Спатканне” г.Екабпілса ў вельмі цёплай, сяброўскай, душэўнай атмасферы прайшло “Свята бульбы”, у якім прынялі ўдзел і госці з Даўгаўпілса: прадстаўнікі Цэнтра беларускай культуры і культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Беларусы двух гарадоў на Даугаве спявалі гімн бульбе, якая па праву лічыцца другім хлебам у Беларусі.
Старшыня екабпілскага беларускага таварыства “Спатканне” Валянціна Дарашчонак адкрыла вечар вершам Рыгора Барадуліна “Чышчу бульбу”. Запальныя песні мясцовага ансамбля “Завіруха” пра бульбу чаргаваліся з вельмі цікавымі расказамі вядучай пра гісторыю з’яўлення бульбы на беларускай зямлі, пра яе смакавыя і лекавыя якасці, пра шматлікія стравы, якія можна зрабіць з гэтага выдатнага і карыснага прадукта.
І ўдзельнікі свята, і шматлікія госці з непадробленай цікавасцю ўдзельнічалі ў віктарынах і гульнях, разгадвалі загадкі, чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі: і ўсё гэта было прысвечана “яе вялікасці бульбе”. Але кульмінацыяй усяго стала дэгустацыя шматлікіх страў, прыгатаваных з душой і любоўю умелымі рукамі майстрых-гаспадынь Екабпілса. І чаго тут толькі не было: бульба вараная, бульба смажаная, клёцкі, дранікі, бабка, калдуны, бульбянікі, цэпеліны – усяго не пералічыць! А да іх яшчэ і салаты, адным з кампанентаў якога абавязкова з’яўлялася бульба, і свежая гародніна, і хатняя каўбаса, і смачны хлеб, і пірагі з ягадамі і фруктамі.
Дэлегацыя беларусаў Даўгаўпілса са сцэны ўрачыста павіншавала арганізатараў, удзельнікаў і гасцей з такім выдатным мерапрыемствам і праспявала песню “Мы вам жадаем”. Дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, адзначыўшы крэатыўнасць мерапрыемства, прапанавала екабпілскім беларусам зрабіць “Свята бульбы” сваім брэндам і праводзіць штогод. Бо ёсць жа брэнды ў другіх беларусаў Латвіі: у Даўгаўпілсе – фестываль “Беларускі кірмаш”, у Вентспілсе – “Купалле”, у Дагдзе – “Фэст”. А паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька, на вершы якога ансамбль “Завіруха” выканаў песню “Дранікі”, вельмі пранікнёна і эмацыйна прачытаў свой верш “Бульбакапанне”.
Дарэчы, менавіта екабпілскае “Спатканне” стала ініцыятарам агульналатвійскай акцыі “Беларускі ручнік”, які будуць вышываць пачаргова ўсе беларускія таварыствы да стагоддзя Латвіі. А на “Ручніку пажаданняў” беларусы Даўгаўпілса сваім екабпілскім сябрам напісалі добрыя словы ў вершах, пажадаўшы зберагаць традыцыі і культуру беларускага народа “і ў песнях, і ў святах, і ў кухні!”. А што так ёсць і так будзе, пасля такога цудоўна арганізаванага свята ніхто не сумняваецца!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., www.bkc.daugavpils.lv
г.Даўгаўпілс, вул.Смілшу, 92,
Палац культуры, ЦБК - 3 паверх, каб. 305-306