Друкаваць

У малітве ўшанавалі памяць ахвяр аварыі на Чарнобыльскай АЭС

3 мая 2022 года ў Барыса-Глебска кафедральным саборы г. Даўгаўпілса прайшла паніхіда па ахвярах аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

26 красавіка 1986 года здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Ад наступстваў гэтай тэхнагеннай катастрофы ў найбольшай ступені пацярпелі тэрыторыя і жыхары Беларусі, а таксама Украіны, Расіі, а вынікі адчуваюцца да гэтага часу. Ужо шмат гадоў у гэты дзень у адным з праваслаўных храмаў Даўгаўпілса здзяйсняецца памінальнае богаслужэнне, якое ініцыіруе Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) і падтрымліваюць беларуская, руская і ўкраінская дыяспары горада. Сёлета памятная дата прыпала на Велікодны тыдзень, таму малебен перанеслі на 3 мая, Радаўніцу. Паніхіду адслужыў айцец Аляксандр. Удзел прынялі Генеральны консул Рэспублікі Беларусь Ілля Лапуць, консул РБ Дзяніс Лядзян, кіраўніцтва ЦБК, прадстаўнікі Цэнтра рускай культуры, Цэнтра ўкраінскай культуры “Мрыя” і Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”. Атамная энергетыка эканамічна эфектыўна забяспечвае патрэбы чалавека ў электраэнергіі, аднак за гэтым стаіць высокая рызыка экалагічнай бяспекі, таму трэба памятаць гісторыю Чарнобыльскай АЭС і здабываць з яе ўрокі.

Інфармацыя падрыхтавана:

Жанна Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры