5 сакавіка 2022 года, сонечным суботнім днём, Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прымаў вялікую дэлегацыю з Рэзэкнэ. У рамках праекта Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор’е” моладзь знаёмілася з культурай, традыцыямі і абрадамі беларусаў.
Даўнія плённыя адносіны ў Цэнтра беларускай культуры склаліся з Рэзэкненскім беларускім таварыствам “Сузор'е”; многія мерапрыемствы праводзяцца пры ўзаемным садзейнічанні і падтрымцы. Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская цёпла прывітала гасцей, для якіх паказала разгорнутую прэзентацыю і падрабязна азнаёміла з дзейнасцю Беларускага дома.
Прыезд дэлегацыі прыпаў на Масленічны тыдзень. Гэтымі днямі ў многіх рэгіёнах Беларусі праходзіць адзін з самых жыццярадасных абрадаў – “Гуканне вясны” (зазыванне вясны). З асноўнымі элементамі беларускай культуры – песнямі, танцамі, гульнямі, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, госці знаёміліся на прыкладзе традыцый “Гукання вясны”.
Кіраўніца танцавальнага ансамбля “Лянок” Марына Медунецкая пад акампанемент канцэртмайстра Вячаслава Пятрова развучылі з моладдзю беларускі танец “Карапет”.
Кіраўніца вакальнага ансамбля “Пралескі” Настасся Лукашэнак праспявала песню пра прадвеснікаў вясны – жаўрукоў, а затым усе разам развучвалі песню-вяснянку. Кожны куплет такой песні заканчваўся гучным заклікам “Гу-у-у-у!” (адсюль і назва – “гуканне”).
Жавароначкі, прыляціце . Гу-у-у!
Вясну красную прынясіце. Гу-у-у!
Неад'емнай часткай абраду “Гуканне вясны” з'яўляюцца народныя гульні. Метадыст ЦБК Марыя Памецька развучыла з гасцямі дынамічную гульню “Явар”.
Кіраўніца Рэзэкненскага беларускага таварыства “Сузор’е” Людміла Стэц падзякавала супрацоўнікам Цэнтра беларускай культуры за прадуктыўную цікавую сустрэчу і гасцінны, цёплы прыём.
Салодкія птушкі-пернікі ў падарунак, раздатачны метадычны матэрыял для вырабу папяровай аплікацыі ў стылі выцінанкі, агульнае фота на залітай сонцам вуліцы, экскурсія па гістарычнай Крэпасці дадалі моладзі з Рэзэкнэ яшчэ больш станоўчых эмоцый і інфармацыі аб горадзе Даўгаўпілсе.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька,
метадыст Цэнтра беларускай культуры