8 снежня 2021 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбылася літаратурна-музычная вечарына “Максім Багдановіч: знаёмы і невядомы”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/503-130-gadovamu-yubileyu-belaruskaga-paeta-maksima-bagdanovicha-prysvyachaetstsa?tmpl=component&print=1#sigProId2803560bca
Максім Багдановіч пазнаецца па радках сусветна вядомага “Раманса”, больш вядомага як “Зорка Венера”. Верш, у якім апета бязмежная любоў да роднай Беларусі і свайго народа, быў пакладзены на музыку, перакладзены на шматлікія мовы і яго спяваюць у розных кутках зямнога шара.
Максім Адамавіч Багдановіч (1891-1917) – адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнаўца, перакладчык.
Нарадзіўся 9 снежня 1891 г. у Мінску ў інтэлігентнай шматдзетнай сям'і, у якой размаўлялі па-руску, але ўклад жыцця быў беларускім. Сям'я не раз мяняла месцы жыхарства, і большую частку свайго трагічна кароткага жыцця М. Багдановіч пражыў удалечыні ад радзімы. Ён быў у Беларусі толькі два разы, беларускую мову вывучыў па кнігах, яго рукапісы пыліліся ў архіве “Нашай нівы”, выдадзены толькі адзін прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”; між тым М. Багдановічу было суджана, ярка ўспыхнуўшы на літаратурным небасхіле, пакінуць пасля сябе багатую літаратурную спадчыну і стаць класікам беларускай літаратуры.
Яго першы твор – апавяданне “Музыка”, апублікавала ў 1907 г. газета “Наша ніва” (г. Вільня, сучасны Вільнюс); аўтару тады было 15 гадоў. Потым выданне рэгулярна друкавала вершы М. Багдановіча, але таленавітаму паэту даставалася ад крытыкаў і частка яго твораў тады не дайшла да чытачоў. А газетны архіў пасля закрыцця выдавецтва разышоўся па ўсім свеце.
Пасля заканчэння Яраслаўльскай гімназіі ў 1911 годзе М. Багдановіч наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэння: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Браніславам Эпімах-Шыпілам, што паўплывала на яго светапогляд і творчасць. Па вяртанні на радзіму ў 1916 годзе, у Мінску, Багдановіч напісаў “Пагоню” – адзін з самых драматычных сваіх вершаў, ужо смяротна хворы. Ён памёр ва ўзросце 25 гадоў ад туберкулёзу ў Крыме, куды яго адправілі на лячэнне сябры, і пахаваны на старых гарадскіх могілках у Ялце.
У літаратурнай гасцёўні ЦБК сабраліся прыхільнікі беларускай літаратуры. Хтосьці ўпершыню адкрыў для сябе М. Багдановіча, які пісаў “не словамі, а душой”. Багдановічу быў прысвечаны відэасюжэт з цыкла “Знакамітыя беларусы” (аўтар Людміла Рублеўская). З экрана гучалі вядомыя песні: “Вераніка”, “Зорка Венера”, “Слуцкія ткачыхі”, “Пагоня”, “Па-над белым пухам вішань”. Легендарны ансамбль “Песняры” прадставіў творчасць М. Багдановіча шырокай аўдыторыі, склаўшы цэлую канцэртную праграму з яго песень на музыку Уладзіміра Мулявіна і Ігара Лучанка.
На вечарыне прагучала вершаванае пасвячэнне М. Багдановічу ад паэта Станіслава Валадзькі і песня “Ракуцёўскае лета” у аўдыёзапісе ў выкананні Веры Талеркі. Дарэчы, летам 2017 года дэлегацыі ЦБК пашчасціла пабываць у мястэчку Ракуцёўшчына, дзе
М. Багдановіч пражыў усяго некалькі месяцаў, вельмі плённа творча папрацаваў і назваў гэты перыяд найлепшай старонкай у сваім жыцці.
Кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская расказала пра 3 вершы М. Багдановіча, якія захоўваліся ў вельмі багатай бібліятэцы вядомага дзеяча беларускага руху міжваеннага перыяду Латвіі Канстанціна Езавітава і зніклі ў вайну разам з яго архівам. У асяроддзі даследчыкаў ёсць легенда, што “таямнічы чамаданчык” з рукапісамі беларускіх літаратараў, у тым ліку М. Багдановіча, захоўваецца ў Латвіі. Аб гэтым піша Міхась Казлоўскі ў новай кнізе “Пад сузор'ем веры і надзеі”. Ці гэта не нагода для новых пошукаў, даследаванняў і адкрыццяў творчай спадчыны вялікага класіка?
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры