Друкаваць

Беларусы з сардэчнай цеплынёй падзякавалі медыкам covid-аддзялення ДРБ

         1 снежня 2021 года, у першы дзень зімы, Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання завяршыў святочную акцыю “З сардэчнай цеплынёй” і перадаў падарункі ў covid-аддзяленне Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы ў знак падзякі і захаплення мужнасцю медыкаў.

  • Click to enlarge image 01_Akcija_mediki_1122021.jpg
  • Click to enlarge image 02_Acija_mediki_1122021.jpg
  •  
View the embedded image gallery online at:
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/499-belarusy-z-sardechnaj-tseplynjoj-padzyakavali-medykam-covid-addzyalennya-drb?print=1&tmpl=component#sigProIdca01073a2d

          Дабрачынная акцыя па вырабе рукадзельных тэкстыльных вырабаў, адрасаваная медыцынскім работнікам Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы (ДРБ), стартавала ў верасні на Міжнародным фестывалі народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.

          Энтузіясты падрыхтавалі рукадзельныя працы – вязаныя шарсцяныя шкарпэткі, рукавіцы, вышытыя народным беларускім узорам закладкі для кніг, лялькі-абярэгі. Сярод беларускіх арнаментаў ёсць знак абярэгу ад хвароб і злых духаў, які вышылі і аформілі ў выглядзе карціны. Другую частку падарунка склалі калядныя прысмакі, кава, гарбата.

          Усе падарункі і віншавальныя лісты са словамі падзякі на беларускай, латышскай і рускай мовах былі складзены ў чатыры калядныя каробкі, і 1-га снежня перададзены супрацоўнікам covid-аддзялення ДРБ. Кіраўнік Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы Рыгор Сямёнаў шчыра падзякаваў удзельнікам акцыі за падтрымку медыкаў.

          Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская адзначыла, што беларусы выказваюць сваю падзяку і захапленне медыцынскім работнікам за самаадданую працу ў цяжкіх умовах covid-пандэміі. Калядныя падарункі, падрыхтаваныя з сардэчнай цеплынёй – толькі маленькі знак увагі. Калектыў ЦБК праяўляе салідарнасць з медыкамі: усе супрацоўнікі вакцынаваліся; дапамагалі сямейным урачам – тэлефанавалі пенсіянерам і інфармавалі іх аб вакцынацыі; мылі падлогі ў бальніцы, калі ўзніклі часовыя праблемы з тэхнічным персаналам. Для іх эмпатыя – гэта стан душы.

         У святочнай акцыі “З сардэчнай цеплынёй” прынялі ўдзел 25 чалавек – супрацоўнікі Цэнтра беларускай культуры і актывісты Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, а таксама калектыў Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе.

 

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры