13 кастрычніка 2021 года ў літаратурнай гасцёўні Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) прайшоў літаратурна-музычны вечар “Чытаем Гілевіча разам”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Ніла Сямёнавіча Гілевіча.
Ніл Гілевіч – драматург, літаратуразнаўца, перакладчык, фалькларыст, вучоны, кандыдат філалагічных навук, прафесар, бачны дзяржаўны і грамадскі дзеяч, апошні “Народны паэт Беларусі”. Кожны беларус знаёмы з творчасцю Н. Гілевіча, які пакінуў пасля сябе надзвычай багатую творчую спадчыну – зборнікі вершаў, п'есы, аповесці і г.д.
Сапраўднаму сыну беларускага народа былі прысвечаны відэасюжэт з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва, выступленні гасцей, песні, якія гучалі з экрана і ўжывую. Бо больш за сотню лірычных вершаў Ніла Гілевіча натхнілі кампазітараў на стварэнне музычных твораў. Сярод яркіх прыкладаў – “Вы шуміце, бярозы”, “Сонца ў азерцы”, “Калі ўстанеш рана” і многія іншыя. Творы на словы паэта ёсць у рэпертуары ўсіх ансамбляў ЦБК, таму на вечарыне прагучалі песні “Не пытайся, маці” у выкананні салісткі ансамбля “Пралескі” Настассі Лукашэнак, “Ах, якая над Гайнай купальская ноч” у выкананні ансамбля “Купалінка”.
Удзельнікі вечарыны актыўна дыскутавалі, дзяліліся меркаваннямі, абмяркоўвалі цікавыя факты з жыцця Ніла Гілевіча. Напрыклад, чаму ні адна з яго 15 п'ес не была пастаўлена на сцэне, чаму ён скараціў сваё “рэвалюцыйнае” імя да лаканічнага Ніл, чаму не быў гатовы да такой усенароднай папулярнасці песні пра “лягу-прылягу”.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька сустракаўся з Н. Гілевічам і захаваў агульны здымак з аўтографамі многіх беларускіх літаратараў з аднаго з літаратурных форумаў. Кандыдат гістарычных навук Ніна Юхноўская вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў той час, калі там выкладаў Н. Гілевіч.
Патрыятычныя, лірычныя і нават “кулінарныя” вершаваныя радкі натхнёна чыталі Лілія Воранава, Галіна Сантоцкая, Інна Валюшка, Валянціна Анікіна, Марыя Памецька. А потым дружна выканалі некалькі папулярных песень на словы Н. Гілевіча.
“На пачатку 1990-х стваралася незалежная дзяржава – Рэспубліка Беларусь, і ў гэты час асабліва актуальна гучалі вершы Н. Гілевіча, песня “Шлях да Беларусі”. Ён удзельнічаў у распрацоўцы “Закона аб мове” і займаў жорсткую пазіцыю абаронцы беларускай мовы. Меў сваё меркаванне па многіх грамадскіх праблемах і не баяўся яе выказваць. Паэт шмат у чым аказаўся празорцам. На сёння такога аўтарытэтнага імя, з такой выразнай грамадзянскай пазіцыяй у сучаснай беларускай літаратуры, напэўна, няма”, – адзначыла кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, падводзячы вынікі вечара.
“Працуй так, нібы будзеш жыць вечна”, – казаў Н. Гілевіч. І яго творы будуць жыць вечна, а памяць захаваецца ў сэрцах беларусаў.
Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, метадыст Цэнтра беларускай культуры