У пятніцу, 24 верасня 2021 года, у 18.00, у канцэртнай зале Дома Адзінства (вул. Рыгас, 22А) адбудзецца гала-канцэрт, які завершыць цыкл мерапрыемстваў, якія праходзяць у рамках XI Міжнароднага фестывалю народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Традыцыйна Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” праходзіць штогод восенню, калі сабраны ўраджай і паўсюдна праводзяцца кірмашы. Фестываль, мэтай якога з'яўляецца захаванне і папулярызацыя культурнай спадчыны і народных традыцый беларусаў, праходзіць ужо ў 11-ы раз. За гэты час ён набыў пазітыўны імідж і папулярнасць як у горадзе, так і далёка за яго межамі.
Гала-канцерт заўсёды збірае шмат гасцей з Латвіі і суседніх краін. У гэтым годзе ў ім прымуць удзел творчыя калектывы ЦБК – “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Паўлінка”, а таксама беларускія аматарскія ансамблі з іншых гарадоў Латвіі і Літвы. Меладычныя і вясёлыя народныя песні, самабытныя і запальныя танцы створаць атмасферу незабыўнага свята.
За гадзіну да пачатку канцэрта ў фае Дома Адзінства будзе працаваць выстава восеньскіх дароў і смачных нарыхтовак беларускіх гаспадынь. На майстар-класах можна будзе вырабіць ляльку-абярэг і паштоўку-выцінанку з аплікацыяй, абмяняць беларускую кнігу на “Гузік шчасця” і азнаёміцца з прэзентацыйнымі матэрыяламі пра Беларусь.
Мерапрыемства будзе праходзіць па “зялёным” сцэнарыі, г.зн. наведванне канцэрта магчыма толькі з наяўнасцю дзеючага кавід-сертыфіката. Пры сабе неабходна мець дакумент, які сведчыць асобу.
Сардэчна запрашаем гараджан і гасцей горада на XI Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які адбудзецца ў пятніцу,
24 верасня 2021 года, у 18.00, у канцэртнай зале Дома Адзінства (вул. Рыгас, 22А).
Арганізатар: Цэнтр беларускай культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання ў супрацоўніцтве з Упраўленнем культуры Даўгаўпілскага гарадскога самакіравання, з Домам Адзінства, Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Беларускім таварыствам “Уздым”.
На мерапрыемстве вядзецца фота і відэаздымка. Запіс канцэрта будзе даступная на канале ЦБК у Yotube і на Facebook.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК