Цэнтр беларускай культуры ў Даўгаўпілсе выпусціў кулінарную кнігу “Кірмашоўскія прысмакі”, у якой сабрана тры дзесяткі рэцэптаў папулярных страў нацыянальнай кухні ў беларусаў Латвіі. Зборнік надрукаваны на беларускай мове.
У Латгаліі беларусы з’явіліся ў 17-м стагоддзі. У Даўгаўпілсе, які знаходзіцца ў 30-ці кіламетрах ад мяжы з Беларуссю, у сярэдзіне ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя беларусы складалі 7-8 % насельніцтва.
Носьбіты беларускай культуры захоўваюць і папулярызуюць сваю мову, песні і танцы, святы, адзенне і харчовыя звычкі далёка за межамі этнічнай радзімы.
Кожны год восенню праходзіць Міжнародны фестываль народнай культуры “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”, які збірае аматарскія творчыя калектывы беларусаў замежжа Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі. Фестываль з'яўляецца часткай святочнага культурнага асяроддзя ў Латгальскім рэгіёне Латвіі. Беларусы славяцца сваёй гасціннасцю, таму на “Беларускім кірмашы ў Даўгаўпілсе” гасцей заўсёды частуюць традыцыйнымі стравамі нацыянальнай кухні.
У 2020 годзе пандэмія каронавіруса і звязаныя з ёй абмежаванні перанеслі фестываль “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у віртуальны фармат, а пачастункі – на старонкі кнігі “Кірмашоўскія прысмакі”. У сістэме культурных маркераў народа яго кухня выступае натуральным нацыянальным феноменам.
У зборніку сабрана 34 рэцэпты беларускай кухні, якія папулярныя ў Латвіі. Рэцэптамі дзяліліся мясцовыя беларусы: работнікі Цэнтра беларускай культуры, удзельнікі ансамбляў “Купалінка”, “Лянок”, “Паўлінка”, “Спадчына” і “Пралескі”, актывісты Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, супрацоўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе. Многія з іх нарадзіліся ў Беларусі, некаторыя – у Латвіі, але беларускую кухню лічаць важнай часткай сваёй этнічнай ідэнтычнасці. Яны памятаюць, як гэтыя стравы гатавалі ў розных рэгіёнах краіны ў іх дома, мама ці бабуля, адмяраючы прадукты, як кажуць у народзе – “на вока”. Гэта смак з дзяцінства, настальгічныя ўспаміны пра радзіму, якія з любоўю перанесліся на старонкі беларускай кулінарнай кнігі ў Латвіі.
Зборнік “Кірмашоўскія прысмакі” не прэтэндуе на кулінарныя адкрыцці. Мы не ламаем стэрэатыпы пра беларусаў і верныя традыцыям: вялікая частка страў – з бульбы. Паўсядзённыя харчовыя перавагі народа адлюстроўваюць усім знаёмыя дранікі, клёцкі, калдуны, бульбянікі, бульбяная каўбаса і бабка, а таксама малавядомыя кнышы, сашні, шышкі або сарока. А разнастайнасць беларускай кухні дэманструюць рэцэпты мясных і рыбных страў, супоў і салатаў, печыва і ласункаў.
Зборнік ярка аформлены ў беларускім стылі, з прымаўкамі і радкамі вершаў. Большасць аўтараў рэцэптаў сфатаграфаваны ў народных строях падчас нацыянальных фестываляў. Нашчадкі захавалі рэцэпты страў продкаў, каб беларускія традыцыі жылі “у песнях, у святах і ў кухні”. Праз асаблівасці нацыянальнай кухні ў кнізе “Кірмашоўскія прысмакі” аўтэнтычна і прыгожа раскрываецца этнічная ўнікальнасць беларусаў.
Прэзентацыя кнігі з дэгустацыяй адбудзецца на фестывалі “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе” у верасні 2021 года.
Смачна есці! Прыемнага апетыту! Сыць Божа!
Інфармацыя падрыхтвана:
Жанна Раманоўская,
кіраўніца Цэнтра беларускай культуры