18 студзеня 2021 года на платформе ZOOM адбыўся семінар для супрацоўнікаў сферы культуры “Традыцыі зімовага часу ў розных культурах”, арганізаваны Культурным цэнтрам Дагдскага краю і Дагдскім беларускім таварыствам “Вербіца”. Даугаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) падтрымаў ініцыятыву калег, пазнаёміўшы удзельнікаў навучання з традыцыямі каляднага посту і святкавання Каляд у беларусаў.
Удзельнікаў навучання павітаў старшыня Дагдскага краявога самакіравання Айварс Труліс і пажадаў усім прысутным новых творчых ідэй і хутчэйшай вочнай сустрэчы. Кіраўніца Цэнтра культуры Дагдскага краю Інэсэ Плесня павіншавала ўсіх удзельнікаў з наступіўшым Новым годам і Калядамі, а таксама з маючым адбыцца святам Вадохрышча, якое хрысціяне адзначаюць 19 студзеня. А пасля слова далі прадстаўнікам беларускай культуры – старшыні Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца” Таццяне Гагалінскай і арганізатару культурных мерапрыемстваў ЦБК Ірыне Апэйнанэ.
І. Апэйнанэ пазнаёміла супрацоўнікаў культурных устаноў з працай і структурай ЦБК, падрабязна распавяла пра фарматы правядзення “Беларускіх калядак”. Цэнтр беларускай культуры з'яўляецца адным з галоўных рэгіянальных метадычных цэнтраў у Латвіі, дзякуючы якому атрымоўваецца захаваць і “ажывіць” традыцыі і абрады беларускага народа за межамі этнічнай радзімы. Удзельнікам семінара ўдалося пазнаёміцца з адным з абрадавых святаў каляднага посту – “Піліпаўскімі вячоркамі”. Метадычны матэрыял можна паглядзець на канале ЦБК на платформе Youtube і сайце ўстановы.
Інта Вілюма, кіраўніца Дагдскага фальклорнага цэнтра, пазнаёміла з масачнымі традыцыямі ў латышскай культуры: размова ішла аб стварэнні, функцыях, а таксама ўжыванні масак у зімовы перыяд.
У навучанні прынялі ўдзел арганізатары культурных мерапрыемстваў, кіраўнікі творчых калектываў, а таксама супрацоўнікі бібліятэк і культурных устаноў з Дагды, Дагдскага і Краслаўскага краёў.
Мерапрыемства адбылося пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Латвійскай Рэспублікі і Цэнтра падтрымкі НДА Паўднёвай Латгаліі.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры