Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры зняў невялікі дакументальны фільм “Райніс і Даўгаўпілс” на беларускай мове. Глядач здзяйсняе экскурсію па месцах, звязаных з імем латышскага паэта і палітыка, які ў Сэйме адстойваў інтарэсы беларускай дыяспары Латвіі і ўвайшоў у гісторыю як абаронца нацыянальных меншасцяў. Аўтар ідэі і тэксту – Жанна Раманоўская, відэаздыманне і мантаж – Аляксандр Фядотаў, музычнае суправаджэнне – беларускія народныя песні ў выкананні Вячаслава Пятрова.
Даўгаўпілс – другі па велічыні горад Латвіі, размешчаны па абодвух берагах ракі Даўгава-Заходняя Дзвіна, знаходзіцца ўсяго кіламетрах у 25 ад мяжы з Беларуссю. Спускаешся з горкі па шашы, з боку Браслава, – і вось ён, горад, цесна звязаны з імем Райніса. На гэтым левым беразе, недалёка ад горада, знаходзіліся маёнткі, якія ў розны час арандаваў латышскі селянін Крыш'яніс Пліекшанс, бацька будучага паэта, драматурга, перакладчыка, палітыка і грамадскага дзеяча.
Мястэчка Беркенэле вядома як зямля дзяцінства і ранняга юнацтва Райніса. Менавіта ў гэтым маляўнічым месцы сфарміравалася асоба будучага паэта, нарадзіліся яго першыя вершы. Сядзіба захавалася да нашых дзён, у ёй шмат гадоў дзейнічае дом-музей Райніса, помнік нацыянальнага значэння. У Беркенэле Яніс захапіўся чытаннем, адкапаўшы на гарышчы кучу старых кніг. Першым настаўнікам хлопчыка быў нямецкі пастар Свенсан. Затым ён вучыўся ў Грыўскай нямецкай школе – цяпер гэта Даўгаўпілская сярэдняя школа №6 імя Райніса. Паэт успамінаў, што першыя вершы напісаў на латышскай мове ў школе, пазней пісаў таксама на нямецкай і латыні. Але менавіта мама Дарта Пліекшанэ першай далучыла маленькага Яніса да народнай паэзіі; яна ведала вялікае мноства народных песень. Дарэчы, у тыя часы беларускія плытагоны спявалі свае народныя песні, седзячы вечарамі ля палаючага вогнішча на берагах Даўгавы.
У Беркенэлі прыехала дзіця, а праз 9 гадоў з ліпавай алеяй, сажалкай і сядзібай развітваўся юнак, каб працягнуць адукацыю ў Рыжскай гімназіі і Санкт-Пецярбургскім універсітэце. Адтуль ён прыязджаў на канікулы на сваю малую радзіму, дзе выпрабаваў першае каханне і першыя расчараванні. Дзіцячыя гады ўспамінаў з вялікай цеплынёй, называючы іх “сонечнымі”. У Латгаліі на дарожным паказальніку паэт знайшоў сабе творчы псеўданім, старадаўняе латышскае імя – Райніс: “... маё імя падабрана на бальшаку ў самым глухім куце Латвіі, і хто носіць яго, таму і хадзіць па бальшаках”. Паэт увесь час знаходзіўся ў дарозе – у прамым і пераносным сэнсе.
Адзін час Райніс і яго жонка, паэтка Аспазія, нават думалі ўладкавацца ў Даўгаўпілсе на пастаяннае жыццё; калі паэт ствараў драму “Агонь і ноч”, яны жылі тады ў гасцініцы. Але ў канцы 1905 года яны адправіліся ў Швейцарыю. Пакідалі радзіму з чыгуначнай станцыі Калкуны на левым беразе Даўгавы. На гэтую ж станцыю праз 14 гадоў вярнуліся з эміграцыі, ужо ў Латвійскую Рэспубліку, і правялі ў Даўгаўпілсе адзін дзень. Пра гэта сведчыць мемарыяльная дошка на будынку Даўгаўпілскага краязнаўчага і мастацкага музея. У кнізе памежнага кантролю паэт пакінуў запіс: “Райніс і Аспазія. Няхай жыве свабодная Латвія!”. Паэты адпачылі ў доме начальніка Даўгаўпілскай акругі, у якім зараз знаходзіцца музей, пагулялі па крэпасці і з чыгуначнай станцыі ад'ехалі ў Рыгу. Іх усюды сустракалі як нацыянальных герояў.
Райніс актыўна ўключыўся ў палітычнае жыццё маладой незалежнай дзяржавы. З'яўляўся адным з аўтараў Канстытуцыі, ад сацыял-дэмакратаў выбіраўся ў парламент, быў дырэктарам Нацыянальнага тэатра, міністрам адукацыі, узнагароджаны Ордэнам трох зорак.
У памяці людзей Яніс Райніс застаўся як абаронца правоў беларусаў Латвіі. У Сэйме ён прадстаўляў беларускую дыяспару краіны. Пры яго ўдзеле адкрываліся беларускія школы і гімназіі. У Даўгаўпілсе на вуліцы Варшаўскай паспяхова працавала і карысталася аўтарытэтам у насельніцтва дзяржаўная беларуская гімназія. Пра гэта нагадвае толькі мемарыяльная дошка на сцяне жылога шматкватэрнага дома. Дарэчы, у Латвіі цяпер дзейнічае толькі адна беларуская школа – у Рызе, і яна носіць імя Янкі Купалы – беларускага паэта, з якім Райніс пазнаёміўся на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ў Мінску ў 1926 годзе. Тады пачалася дружба двух першых народных паэтаў сваіх рэспублік.
У Даўгаўпілс Райніс яшчэ раз вернецца ў 1927 годзе ў статусе міністра адукацыі. Нядзіўна, што бюст паэту ў гістарычным цэнтры горада ўсталяваны перад храмам навукі і адукацыі – Даўгаўпілскім універсітэтам, дзе вывучаюць творчасць класіка латышскай літаратуры. Штогод тут праходзяць Дні паэзіі, прымеркаваныя да 11 верасня, дня нараджэння Райніса. Сам Райніс быў выдатна адукаваны чалавек. Вядома, што ён, юрыст, дасканала валодаў нямецкай і рускай мовамі, свабодна размаўляў на італьянскай, вывучаў французскую і латынь, гаварыў па-латгальску, літоўску, беларуску, польску, разумеў ідыш. З любым жыхаром Латвіі Райніс мог дамовіцца на яго роднай мове. У палітыцы ён праславіўся як актыўны абаронца нацыянальных меншасцяў.
У двух кварталах ад помніка паэту знаходзіцца вуліца Райня, размясціўшыся паміж чыгуначнай і аўтамабільнай магістралямі. Наогул, у сучаснай Латвіі няма горада без Райніса; яго імя носяць вуліцы, плошчы, бульвары, паркі, помнікі, музеі. Што характэрна, менавіта на вуліцы Райня размяшчаўся першы офіс Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, адкрытага ў 1999 годзе, працавала Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Цяпер Цэнтр беларускай культуры знаходзіцца ў гістарычным цэнтры на вуліцы Алейнай (Алеяс), якая перасякаецца з вуліцай Райня. Вось такая цікавая геаграфія.
І яшчэ адна кропка на карце Даўгаўпілса, звязаная з імем Райніса. Тут на Лютэранскіх могілках знайшоў свой апошні спачын бацька паэта – Крыш'яніс Пліекшанс (1825-1891). Яго магіла заўсёды дагледжаная. Ненамнога перажыла мужа Дарта Пліекшанэ (1828-1899), яна пахаваная на Старасямёнаўскіх могілках у Віцебску (там пад паліцэйскім наглядам пасля ссылкі знаходзіўся яе зяць, разам з ім паехалі жонка і цешча - сястра і маці Райніса). Райніс памёр у Юрмале ў 1929 годзе, на наступны дзень пасля таго, як яму споўнілася 64 гады. Незадоўга паэт напісаў дзяўчынцы, якая прыйшла за аўтографам, апошнія ў сваім жыцці радкі:
«Что скажет юному старик почтенный?
— Живи достойно, не пеняй на жизнь!
Достичь сего ты должен непременно,
Есть заповедь – любить. Ее одной держись!»
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жанна Раманоўская