У жніўні гэтага года Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) прымаў у сябе выхаванцаў дзённых летніх лагераў “Uz priekšu” і “Dabas eksperimenti”. Для іх былі арганізаваныя адукацыйна-гульнявыя заняткі “Спас: мядовы, яблычны, арэхавы”, мэтай якіх з'яўляецца пазнаёміць дзяцей з беларускай культурай і звычаямі, а таксама з традыцыямі святкавання Спаса.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/408-vykhavantsa-dzitsyachykh-lagera-znajomili-z-belaruskimi-tradytsyyami-spasa?tmpl=component&print=1#sigProId7305dfd9de
Апошні месяц лета радуе беларусаў трыма народнымі святамі: менавіта ў жніўні святкуюць мядовы, яблычны і арэхавы Спас. Гэтыя святы спалучаюць у сабе традыцыі нашых продкаў, з-за чаго так любімыя і ўшанаваныя ў народзе. Цяпер гэтыя даты непарыўна звязаны з хрысціянствам, бо Спас – свята, прысвечанае Хрысту Збавіцелю. Само слова “Спас” магло таксама ўзнікнуць ад аднакарэннага “запасацца”. Гэта азначала збор на зіму запасаў мёду, яблыкаў і арэхаў.
Дапытлівая дзетвара з цікавасцю засвойвала новую для сябе інфармацыю як пра традыцыі святкавання Спаса, так і шмат новага даведалася пра суседнюю краіну Беларусь. Экскурсія па Беларускім доме зацікавіла іх і мастацкай выставай, і калекцыяй беларускіх народных лялек, і вялікай бібліятэкай, але асаблівую цікавасць выклікаў музейны пакой “Беларуская хатка”, дзе можна было ў прамым і пераносным сэнсе дакрануцца да мінулага, памацаць прадметы працы і побыту беларускіх сялян мінулага і пазамінулага стагоддзя.
З непадробленай цікавасцю дзеці ўдзельнічалі ў майстар-класах па вырабе беларускай выцінанкі, з азартам згулялі ў беларускія народныя гульні “Падушачка” і “Явар, яваровы людзі”, а на завяршэнне пілі духмяны чай з прысмакамі і ўдзельнічалі ў фотасесіі, з задавальненнем дэманстравалі вырабленыя ўласнымі рукамі святочныя паштоўкі, прысвечаныя Спасу.
Іх шчырае, толькі што вывучанае беларускае “Дзякуй!” стала сапраўднай узнагародай супрацоўнікам ЦБК, якія падрыхтавалі і правялі гэтыя карысныя і цікавыя сустрэчы з падрастаючым пакаленнем.
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК