9-10 чэрвеня 2018 года, у рамках заключанага Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж Даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) і адкрытым акцыянерным таварыствам “Нафтан” (г.Наваполацк, Беларусь), ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” прыняў удзел у святочных мерапрыемствах, прысвечаных 60-годдзю горада Наваполацка – культурнай сталіцы Беларусі 2018 года.
https://bkc.daugavpils.lv/be/11-newsru/240-kupalinka-pavinshavala-z-yubileem-kulturnuyu-stalitsu-belarusi-2018#sigProId83187073d8
Наваполацк – горад у Віцебскай вобласці Беларусі, размешчаны на левым беразе Заходняй Дзвіны, на захад ад старажытнага Полацка, з колькасцю насельніцтва каля 102 тысяч чалавек. Гэта найбуйнейшы прамысловы і навуковы цэнтр Віцебскай вобласці, цэнтр беларускай нафтахіміі. Наваполацк ганарыцца тым, што з'яўляецца пляцоўкай для правядзення мноства конкурсаў, фестываляў, выстаў розных узроўняў. Наваполацк - адзін з самых маладых гарадоў Беларусі, сярэдні ўзрост насельніцтва якога складае каля 40 гадоў, першым у Беларусі атрымаў статус «Горада, дружалюбнага дзецям». Аб адзінстве ўсіх сфер народнай гаспадаркі з культурным патэнцыялам горада-юбіляра сведчыць той факт, што Наваполацк аб'яўлены ў Беларусі культурнай сталіцай 2018 года.
Вось у такі цудоўны беларускі горад у суботу, 9 чэрвеня, сонечным ранкам і адправілася творчая дэлегацыя Даўгаўпілса. І ўжо з першых хвілін свайго двухдзённага знаходжання ў гэтым слаўным месцы мы трапілі ў атмасферу сапраўднай беларускай гасціннасці, хлебасольнасці, ветлівасці, любві і клопату. Калейдаскоп самых разнастайных мерапрыемстваў: яркае шэсце працоўных калектываў, святочныя канцэрты па ўсім горадзе, пляцоўкі з вулічнымі тэатрамі, горад майстроў, майстар-класы, канцэрт папулярнай беларускай спявачкі Жанэт і легендарнага ансамбля “Сябры”, маляўнічы феерверк, экскурсія (на другі дзень) па старажытнаму Полацку, знаёмства з яго багатай гісторыяй, наведванне Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і многае іншае цалкам пагрузілі нас у незабыўную атмасферу юбілейнага свята г.Наваполацка.
Пачалося свята з маляўнічага шэсця шматлікіх працоўных калектываў гэтага прамыслова развітага горада. Ярка ўпрыгожаная калона з удзелам кіраўніцтва і гасцей горада, арганізацый і ўстаноў, а таксама спецыяльнай тэхнікі прайшлася па цэнтральнай вуліцы горада – Маладзёжнай (працягласць якой, дарэчы, складае каля 15 км) і выстраілася на цэнтральнай плошчы Будаўнікоў. Ва ўрачыстым адкрыцці свята, прысвечанага 60-годдзю Наваполацка, прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, мэр Наваполацка Дзмітрый Дзямідаў, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій і іншыя высокія асобы і грамадскія дзеячы.
Пасля выступлення афіцыйных асоб і ўзнагароджання заслужаных гараджан Наваполацка прагучаў гімн горада і адбыўся святочны канцэрт зорак беларускай эстрады і заслужаных аматарскіх калектываў Беларусі. Фальклорны ансамбль "Купалінка" (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў) прывёз у падарунак музычную праграму «Беларусі - з любоўю!». І гэта не проста словы... Гэта стан душы ўсіх удзельнікаў ансамбля, якія падарылі Наваполацку і сваёй роднай Беларусі як лірычныя, так і жартоўныя беларускія, латышскія і латгальскіх народныя песні, напоўненыя цеплынёй іх сэрцаў. Бо гэты год у Беларусі – год малой радзімы, якая нязменна жыве ў нашай памяці і сэрцах, не даючы забыць свае родныя карані, той куточак зямлі, адкуль мы родам. Аб гэтым сказала ў сваім віншавальным прывітанні гараджанам і гасцям горада метадыст ЦБК Марыя Памецька, пажадаўшы дабра і працвітання іх славутаму гораду. Тэма кранальнай любві да роднага краю прагучала таксама ў выступленні ўдзельніка творчай дэлегацыі – даўгаўпілскага паэта Яўгена Голубева, які ў рамках нашай праграмы прачытаў некалькі сваіх вершаў.
Цэнтр беларускай культуры і ансамбль “Купалінка” выказваюць самую шчырую падзяку і ўдзячнасць за арганізацыю паездкі і цудоўны прыём кіраўніцтву ААТ «Нафтан», дырэктару Палаца культуры «Нафтан» Алене Выхованец, загадчыцы вытворча-масавага аддзела Алене Шчапінскай, кіраўніцы заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь, узорнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Камарыкі» Святлане Багаслаў, культурнаму арганізатару ПК ААТ «Нафтан» Людміле Драўніцкай і іншым суправаджальным асобам, якія зрабілі нашу паездку незвычайна насычанай, прадуктыйнай і незабыўнай.
Падводзячы вынік, хочацца падкрэсліць, што ўсё, што мы робім па абодва бакі мяжы, падпарадкавана аднаму – умацаваць дружалюбныя і партнёрскія адносіны паміж двума суседнімі краінамі, захаваць і папулярызаваць багатыя традыцыі і звычаі свайго народа, любіць і ганарыцца сваёй малой радзімай.
Да новых сустрэч, Беларусь!
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Марыя Памецька, метадыст ЦБК,
т. 654 24695, 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68-1А