На вуліцы Варшавас гучалі вясёлыя беларускія песні
Друкаваць

На вуліцы Варшавас гучалі вясёлыя беларускія песні

3 мая 2018 года ансамбль беларускай народнай песні "Купалінка" Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) прыняў удзел у традыцыйным Свяце вуліцы Варшавас і вітаў маляўнічае шэсце, якое штогод ладзяць даўгаўпілскія палякі, вясёлай беларускай песняй.

Штогод, у пачатку мая, палякі Даўгаўпілса адзначаюць адразу некалькі важных святаў і памятных падзей: 2 мая - Дзень польскага сцяга і Дзень палякаў, якія жывуць за мяжой, 3 мая - Дзень польскай канстытуцыі і Свята вуліцы Варшавас у Даўгаўпілсе.

Гэты год не стаў выключэннем. Маляўнічая калона, у якой былі прадстаўнікі кіраўніцтва гарадскога самакіравання, духавенства, гасцей з Польшчы, выхаванцы Дзяржаўнай польскай гімназіі імя Ю.Пілсудскага, іх настаўнікі і бацькі, прадстаўнікі польскай дыяспары горада, Цэнтра польскай культуры, таварыства "Промень", а таксама звычайныя жыхары горада, прайшлася ў святочным шэсці ад Крыжа ў Слабодцы да Дзяржаўнай польскай гімназіі.    

Традыцыйна сваіх польскіх сяброў і партнёраў вітаюць беларусы. Вось і на гэты раз, у яркі вясновы сонечны дзень, каля будынку былой Даўгаўпілскай беларускай дзяржаўнай гімназіі, у прыгожых нацыянальных беларускіх касцюмах, сабраліся ўдзельнікі ансамбля "Купалінка" і прадстаўнікі беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым», каб павітаць святочнае шэсце. Гарэзлівая беларуская народная песня ў выкананні ансамбля прагучала так заўзята, што некаторыя ўдзельнікі шэсця не стрымалі ног і пусціліся ў карагодныя скокі.      

Шэсце працягнулася выдатным святочным канцэртам у гонар 30-годдзя польскага хору «Промень». З гэтай знамянальнай падзеяй у ліку іншых гасцей палякаў павіншавалі метадыст ЦБК Марыя Памецька, якая сказала добрыя і цёплыя пажаданні на беларускай і польскай мовах, і член праўлення «Уздыма» Валерый Амбросаў.

А завяршылася свята ў дворыку Польскага дома Святам белага абруса. Дадзенае мерапрыемства яшчэ раз даказала, што культура - гэта моцны і надзейны падмурак стабільнасці і працвітання любога сучаснага грамадства.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры