Расці, беларускі дубок!
Друкаваць

Расці, беларускі дубок!

6 мая 2017 года ў Даўгаўпілсе, падчас Народнага форуму, прысвечанага 100-годдзю Латгальскага кангрэса, у Слабодцы каля польскага помніка-крыжа адбылася ўрачыстая цырымонія пасадкі 100 дубоў, у якой удзельнічалі прэзідэнт Латвіі Райманд Вэйяніс, высокія службовыя асобы, прадстаўнікі прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый горада. У дуброве, якая закладзена да стогадовага юбілею Латвійскай Рэспублікі, расце і беларускі дубок.

На месцы брацкіх могілак у Слабодцы, дзе былі пахаваныя 500 воінаў Польскага легіёна, што загінулі ў баях за вызваленне ў 1919-1920 гадах, зараз узвышаецца помнік-крыж, які акружае поле. На гэтым лузе і была закладзена дуброва з 100 дрэў у гонар стагоддзя Латвійскай Рэспублікі. Маленькія дубкі пасадзілі прэзідэнт Латвіі, міністр культуры, мэр Даўгаўпілса, вучні школ, кіраўнікі навучальных устаноў, грамадскія дзеячы, а дапамагалі ім у гэтым вайскоўцы Латвійскай арміі.

Удзельнікі Народнага форуму ад беларускай дыяспары Латгаліі - кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, член праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Таццяна Дзянісава і член Рэзэкненскага беларускага таварыства "Сузор'е" Людміла Смоча, абралі месца насупраць помніка-крыжа і пасадзілі там дуб.

Клапатлівыя супрацоўнікі камунальнай службы ўмацавалі і абаранілі дрэўцы. Цяпер беларусы кожны месяц наведваюць памятнае месца і паліваюць дубок. На днях дуб беларусаў упрыгожыла стужачка з нацыянальным беларускім арнаментам, прывезеная са З’езду беларусаў свету, які праходзіў 15-16 ліпеня ў Мінску.

Так што на карце Даўгаўпілса з'явілася яшчэ адна "беларуская" кропка - дуб у дуброве Слабодкі. Знайсці яго проста: трэба стаць тварам да помніка-крыжа, каб сцяжынка была злева: насупраць расце высокі дуб, а побач - беларускі дубок. Вы яго пазнаеце па стужачцы!

На фота: Метадыст Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька (злева) і член праўлення беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Таццяна Дзянісава павязалі на дубок беларускую стужачку.
            
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры