26 ліпеня 2017 года ў Даўгаўпілскай Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адкрылася літаратурная гасціная, прысвечаная творчасці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Асновай мерапрыемства стала перасовачная літаратурная выстава «Рыгор Барадулін. Прыходзім, каб знайсці сябе ў жыцці ... ", прадстаўленая Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, Беларусь).
2017 год аб'яўлены ў Беларусі Годам навукі. У сувязі з гэтым у ЦБК стартаваў праект «Навуковы музейны марафон» і была падпісана дамова аб доўгачасовым супрацоўніцтве паміж ЦБК і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. У рамках гэтага пагаднення былі арганізаваны літаратурныя выставы, створаныя на аснове навуковых распрацовак прафесійных літаратуразнаўцаў і даследчыкаў, прысвечаныя Янку Купалу, Максіму Багдановічу, Пятрусю Броўку.
Рыгор Іванавіч Барадулін (1935 - 2014) - беларускі паэт, эсэіст, перакладчык (перакладаў на беларускую мову некаторыя творы Уільяма Шэкспіра, Амара Хайяма, Сяргея Ясеніна, Адама Міцкевіча, Джорджа Байрана і інш.); аўтар шматлікіх сатырычных і гумарыстычных твораў, эпіграм; апошні Народны паэт Беларусі, імя якога зараз шырока вядома ўсяму літаратурнаму свету. Творчасць Р.Барадуліна, які з'яўляецца віртуозам паэтычнага слова, вельмі самабытная і вобразная, а паэзія напоўнена глыбокім філасофскім сэнсам. Першыя вершы (пад псеўданімам А.Чабор) з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах. Галоўнымі тэмамі першага зборніка вершаў паэта «Маладзік над стэпам» (1959) сталі вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. Потым выйшлі зборнікі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961), «Нагбом» (1963), зборнік малітвенай паэзіі «Ксты» (2005), за які паэт вылучаўся як кандыдат на Нобелеўскую прэмію. Р.Барадулін узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, латвійскім ордэнам Трох зорак, медалём Францыска Скарыны; з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі ім. Янкі Купалы за зборнік вершаў «Рум» (1976 год).
У Цэнтры беларускай культуры імкнуцца падыходзіць да працы не фармальна, а шукаць новыя формы і фарматы мерапрыемстваў. На гэты раз адкрыццё выставы праходзіла ў фармаце літаратурнай гасцінай, дзе за «круглым сталом» сабраліся людзі, неабыякавыя да мастацкага слова і беларускай паэзіі.
“Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці…”
Такімі кранальнымі радкамі песні на словы Р.Барадуліна ў выкананні ансамбля "Песняры" і пачалося мерапрыемства. «Менавіта гэты сімвалічны верш, які адкрыў нашу літаратурную гасціную, кранае душу і сэрца кожнага беларуса як у Беларусі, так і за мяжой», - адзначыла ў сваім выступленні кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская. Яна ж і прадставіла слухачам унікальную кнігу вершаў паэта "І свету ўсяму", якую даўгаўпілскім беларусам на З'ездзе беларусаў свету ў Мінску падарыў Рымска-Каталіцкі прыход знакамітага Чырвонага касцёла, дзе і праводзілі ў апошні шлях паэта Р.Барадуліна. Гэта ж верш прагучаў на латышскай мове ў выкананні кіраўніцы культурных праектаў ЦБК Настассі Лукашонак.
Велізарнае ўражанне на ўсіх слухачоў круглага стала зрабіў прагляд фільма пра Р.Барадуліна з сімвалічнай назвай «Пачуй!», у якім на выдатнай літаратурнай беларускай мове прагучаў аповяд пра яркае жыццё і творчасць паэта.
У нефармальнай абстаноўцы, за кубкам гарбаты, усё вельмі натхнёна чыталі вершы, дзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт Станіслаў Валодзька распавёў шмат цікавага пра паэта, так як быў асабіста знаёмы з ім.
А потым усё проста заслухаліся займальным расказам шматгадовай супрацоўніцы культуры і сузаснавальніцай даўгаўпілскага беларускага таварыства "Уздым" Яўгеніі Гуляевай аб шматтэмнай і шматкаляровай паэзіі Р.Барадуліна; паэткі і мастачкі, уладальніцы Ганаровай граматы Даўгаўпілскай гарадской думы і сярэбранага знака "Узнагарода года - 2014" Настассі Сазанковай. У абмеркаванні таксама прынялі ўдзел старшыня Асацыяцыі свабодных мастакоў Латгаліі Марыя Сафронава, член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерый Амбросаў і многія іншыя, так як не было абыякавых на гэтым вечары, які прайшоў у вельмі душэўнай, лірычнай і цёплай атмасферы.
Падводзячы вынікі мерапрыемства, метадыст ЦБК Марыя Памецька падкрэсліла, што нездарма яно мае сімвалічную назву «Пачуй!». Таму што ёсць надзея, што ўсе ўдзельнікі літаратурнай гасцінай пачулі нешта важнае і запазычылі для сябе нешта новае з паэзіі Рыгора Барадуліна. І гэтыя адкрыцці дапамогуць у жыцці, як у вядомых радках паэта:
«Прыходзім,
Каб знайсці сябе ў жыцці,
А ці не згубіцца
І не разгубіцца ... "
Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры