Запрашаем на свята-квэст “Беларускае Купалле”!
Друкаваць

Запрашаем на свята-квэст “Беларускае Купалле”!

7 ліпеня 2017 года, у пятніцу, у даўгаўпілскім парку Дубровіна адбудзецца свята-квэст “Беларускае Купалле”. Увечары ў цэнтры горада чатыры часы будуць гучаць музыка і спевы на розных мовах, будуць танцы і карагоды, творчыя майстэрні і карысная інфармацыя, пляценне вянкоў і пошук кветкі шчасця. Далучайцеся!

У разгар лета, у ноч з 6 на 7 ліпеня, беларусы адзначаюць Купалле - адно з найстарадаўнейшых народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі, любімы ў народзе.

У Даўгаўпілсе свята беларускага Купалля стала традыцыяй, кожны год зменьваючы свой фармат. У гэтым годзе Цэнтр беларускай культуры прапануе не проста вялікі і яскравы канцэрт, а свята-квэст з інфаднём. Але ўсё па парадку.

У 16.00 пачнецца Інфармацыйны дзень, падчас якога на вялікай сцэне і ў палатках нацыянальна-культурныя цэнтры і таварыствы, дзяржаўныя ўстановы будуць рэкламаваць свае паслугі, прапанаваць цікавыя заняткі ў майстэрнях і «Карусель вакансій».

У 18.00 пачнецца канцэрт «Беларускае Купалле». У праграме ўдзельнічаюць калектывы Цэнтра беларускай культуры - ансамбль народнай песні «Купалінка», танцавальны ансамбль «Лянок», вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі», харавая капэла «Спадчына», тэатральная студыя «Паўлінка», а таксама фальклорна-харэаграфічны ансамбль «Руны» з Полацка (Беларусь). Народныя прыкметы і павер'і, песні, танцы, карагоды – усё аб святкаванні самай кароткай і самай таямнічай ночы ў годзе Вы даведаецеся на свяце Купалля. А паколькі свята ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у шмат народаў, то «Беларускае Купалле» падтрымалі ансамблі многіх нацыянальна-культурных цэнтраў і таварыстваў Даўгаўпілса і Рэзэкнэ. Так вось, канцэрт абяцае быць магічным, яскравым і интэрнацыянальным.

У 18.00 стартуе і квэст. Каб адшукаць папараць-кветку, трэба прайсці некалькі станцый, выканаўшы нескладаныя заданні: зрабіць паштоўку з выцінанкай, адгадаць склад зёлкавай гарбаты, пакінуць запіску на дрэве жаданняў, адгадаць загадку, скласці слова-падказку і адшукаць месца, дзе хаваецца кветка шчасця. Такіх станцый будзе пяць. Старт – у інфапалатцы Цэнтра беларускай культуры, а фініш – пад дрэвам у зарасніку папараці. Удачлівых следапытаў, вядома, чакае сюрпрыз.

З 18.00 пачынае працаваць творчая майстэрня «Купальскі вянок», у якой кожны жадаючы зможа навучыцца плясці вянок з лугавых зёлак і кветак, ці проста сабраць букецік.

Свята-квэст “Беларускае Купалле” арганізуе даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры пры падтрымцы Міністэрства культуры, Цэнтра латышскай культуры, грамадскіх таварыстваў “Patvērums “Drošā māja”, „Sadarbības platforma” і „Informācijas centrs imigrantiem”.

Сардэчна запрашаем! Будзем весяліцца, адзначаць свята сонцаварота і шукаць папараць-кветку!

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры