1 чэрвеня 2019 года ў Краславе, у замкавым комплексе Плятэраў, прайшоў Дзень беларускай культуры, арганізаваны Генеральным консульствам Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе ў супрацоўніцтве з Краслаўскай краявой думай. Маштабнае музычнае і пазнавальнае мерапрыемства падтрымалі беларускія арганізацыі Латгальскага рэгіёну, у тым ліку і Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры.


 На тэрыторыі велічнага радавога маёнтка Плятэраў, дзе ажывае гісторыя, знаходзіцца Цэнтр турыстычнай інфармацыі Краславскага края і міжнародны цэнтр кулінарнай спадчыны, Краслаўскі гістарычны і мастацкі музей, Дом рамёстваў у рэканструяваных графскіх стайнях, прыгожы пейзажны парк. Вось у гэтым знакамітым месцы ў першы дзень лета, які выдаўся гарачым і сонечным, краслаўчанам і гасцям краю была прадастаўлена цудоўная магчымасць пазнаёміцца ​​бліжэй з разнастайнасцю беларускай культуры, звычаяў і традыцый, песнямі і танцамі.

Як адзначыў на ўрачыстасці адкрыцця Дня беларускай культуры ў Краславе Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, «Беларускі дзень у Краславе» з'яўляецца часткай такіх праектаў Краслаўскага края, як «Пяць вёслаў» і «За адным сталом». Прывабнасць гэтых праектаў у выдатным у сваёй прастаце і зразумелым кожнаму пасыле – згуртаванне грамадства праз яго разнастайнасць, разнастайнасць культур, разнастайнасць традыцый і звычаяў, тую разнастайнасць, якая імкнецца да міра, добрасуседства і ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння.

Тэму садружнасці Беларусі і Латвіі працягнуў старшыня Краслаўскай краявой думы Гунарс Упеніекс. Ён падкрэсліў, што на краслаўскай зямлі ў міры і згодзе жывуць людзі розных народаў, што знайшло адлюстраванне ў гербе горада – гэта ладдзя з пяццю вёсламі на сінім фоне. Вёслы сімвалізуюць асноўныя нацыянальнасці насельніцтва Краславы: латышы, палякі, яўрэі, рускія, беларусы. Таму Дзень беларускай культуры ў Краславе – новы, цікавы і лагічны праект. 

Пра важнасць супрацоўніцтва і развіцця двухбаковых адносінаў Латвіі і Беларусі і іх прыгранічных тэрыторый казаў консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя. З ім былі салідарныя старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч і кіраўнік Беларускага бюро Еўрарэгіёну «Азёрны край» Міхаіл Арэхаў.

Шматлюдна і шумна было ў Доме рамёстваў, дзе на фоне кадраў прэзентацыйнага фільма аб прыгажосцях Беларусі пад меладычныя беларускія песні, праводзіліся разнастайныя майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў, вырабаў з гліны і свістулек, фігурнага роспісу на дошчачках, размалёўках, роспісу па тканіне і г.д.. На стэндах былі прадстаўлены матэрыялы аб дзяржаўнай сімволіцы і статыстычныя дадзеныя аб РБ, літаратура пра турызм, эканоміку, мясціны Беларусі.

Жывую цікавасць у наведвальнікаў выклікала выстава-прэзентацыя беларускіх ручнікоў з фондаў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Аўтэнтычныя нацыянальныя ручнікі з усіх абласцей Беларусі з'яўляюцца экспанатамі музейнага пакоя «Беларуская хатка», якія беражліва сабралі жыхары Даўгаўпілса, члены беларускага таварыства «Уздым», сябры беларусаў. Тканыя разнастайнымі ўзорамі і арнаментамі, аздобленыя карункамі, адбеленыя і накрухмаленыя, вышытыя ўмелымі і працавітымі рукамі мам і бабуль, ручнікі нясуць асаблівае цяпло, любоў і выклікаюць настальгію.

Менавіта таму шмат хто з наведвальнікаў Дома рамёстваў, асабліва людзі ва ўзросце, зацікавіліся багатай калекцыяй беларускіх ручнікоў, якія прэзентавала метадыст Марыя Памецька. Цікавасць падагравала гульня, сутнасць якой заключалася ў тым, каб знайсці на ручніках пэўныя сімвалы-арнаменты, а каму гэта ўдавалася, той атрымліваў салодкі прыз ад Генеральнага консульства РБ.

У зале Краслаўскага музея размясцілася выстава карцін пад назвай «Папяровыя сны». Аўтар майстэрскіх работ, выкананых у тэхніцы выцінанкі, вядомая мастачка, член Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Алена Шаліма (Мінск). Усяго некалькі дзён гледачы маглі азнаёміцца ​​з рэдкім відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці беларусаў – мастацкім выразаннем карцін з паперы.

Выйшаўшы з прахалоды мураваных будынкаў, наведвальнікі траплялі ў шумную і вясёлую атмасферу беларускага свята.

Ля сцен графскага замка спявалі ансамбль «Накцюрн» Краслаўскага дома культуры і ансамбль «Аколіца» Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца». Музычную эстафету ў латгальскіх беларусаў пераняў Народны тэатр фальклору «Цярэшка» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці г.Глыбокае (Беларусь), які падарыў краслаўчанам працяглы канцэрт. Запальныя беларускія песні чаргаваліся з віртуознымі кампазіцыямі гарманістаў. І не было абыякавых гледачоў: адны падпявалі, іншыя прытанцоўвалі; і ўсё шчодра апладзіравалі артыстам.

Тым часам у цені старажытнага парку супрацоўнікі Генеральнага консульства РБ рыхтаваліся да прэзентацыі беларускай нацыянальнай кухні. З чым яна звычайна асацыюецца? Вядома ж, з дранікамі! Майстар-клас па выпяканні бульбяных бліноў на свежым паветры, на адкрытай жароўні, паказвала старшыня Краслаўскага беларускага таварыства «Вясёлка» Святлана Стальмачонок. А калі чарга дайшла да дэгустацыі, то жадаючых паспытаць духмяных беларускіх дранікаў, ды са смятанай і яечняй, якая скварчэла, аказалася вельмі шмат. І ўсім хапіла пачастункаў!

Сімвалічным завяршэннем Дня беларускай культуры ў Краславе стаў кулінарны інтэрактыў. Генеральны консул РБ У.Клімаў, консул ЛР У.Скуя, мэр Краславы Г.Упеніекс і іх ганаровыя госці разам пасмажылі «яечню дружбы»; бо ў суседніх народаў яйка з'яўляецца сімвалам сонца і адраджэння, а яшчэ – здароўя, поспеху і багацця, чаго і пажадалі ўсім удзельнікам свята яго арганізатары.


Інфармацыя падрыхтавана:
Цэнтр беларускай культуры,
Жанна Раманоўская, Марыя Памецька

Цэнтр беларускай культуры

купіць драўляны вясковы куфар

т. +371 20374840, cbk@inbox.lv

sunduk

Бліжэйшыя мерапрыемствы

<<  Жнівень 2019  >>
 Пн  Ат  Ср  Чц  Пт  Сб  Нд 
     1  2  3  4
  5  6  7  8  91011
12131415161718
19202122232425
262728293031 

Партнеры

kultura.daugavpils.lv

http://latvia.mfa.gov.by/ru/daugavpils/

uzdim.lv

http://www.kultura.by/page/respublikanski-tsentr-natsyyanalnykh-kultur

http://www.belorus.lv

 

http://braslav.vitebsk-region.gov.by/ru/culture/

http://miory.vitebsk-region.gov.by/ru/culture/

http://smorgon.gov.by/ru/social/culture

http://polotsk.vitebsk-region.gov.by/index.php/ru/

http://zelva.grodno-region.by/ru/social/culture

http://glubokoe.vitebsk-region.gov.by/ru/kult-glubokoe/

 


http://www.knab.gov.lv